Чацвер, 20 Чэрвень 2024

Падлеткам з Глыбокага далі ў рукі аўтаматы Калашнікава і вучылі штурмаваць акопы і памяшканні

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Паўночны», які прыпісаны да вайсковай часці 5524, якая абслугоўвае глыбоцкую турму, удзельнічалі ў ваенна-палявых зборах. Пра гэта піша сайт мясцовай раёнкі «Веснік Глыбоччыны». На гэты раз падлеткі ўдасканальвалі свае навыкі па розных кірунках на базе вайсковай часці 5530.

На агнявой падрыхтоўцы дзеці выканалі нарматывы па няпоўнай разборцы і зборцы аўтамата Калашнікава, а таксама адпрацавалі падрыхтоўку да стральбы з розных палажэнняў: кантакт стоячы, з калена, лежачы.

Як піша глыбоцкая раёнка, яны на сабе адчулі складанасць штурму акопа, падыходу да будынка, уваходу ў яго праз вокны і далейшага штурму памяшканняў.

Таксама хлопцы і дзяўчаты вывучалі пытанні ваеннай тапаграфіі і на практыцы паспрабавалі правільна карыстацца компасам, вызначыць магнітны азімут і рухацца па зададзеным напрамку.

Далей вайскоўцы ваеннай часці 5530 праводзілі з падлеткамі такі званую  спартыўна-масавую работа, падчас якой ладзіліся паядынкі па рукапашным баі. Таксама дзяцей вучылі элементам самастрахоўкі, ахоўна-атакуючым дзеянням рукамі і нагамі і агульнай фізічнай падрыхтоўцы.

Для выхаванцаў клуба «Паўночны» глыбоцкія ўлады арганізавалі экскурсію па вядомых мясцінах горада Полацка. Іх звазілі на мемарыяльны комплекс «Курган Славы», у прыродна-экалагічны музей, Сафійскі сабор, мемарыял Памяці героям вайны 1812 года.

Пётр Глушко