“Беларусь – флагман стабильности, безопасности и процветания», -- пераконвае тэлегледачоў даўні вядоўца палітычных праграм Сяргей Іскол, які прэтэндуе на статус «віцебскага Азаронка» або «віцебскага Тура». Ён нахвальвае эканамічнае развіццё Беларусі, паспяховае насуперак санкцыям, адзначае «адкрыццё новых дзіцячых садкоў і шпіталяў» і «рост пенсій і іншых сацыяльных выплат». Але, маўляў, нават у такой сітуацыі знаходзяцца тыя, хто «хацеў бы зруйнаваць тое, што будавалася гадамі». Так, па словах Іскола, здарылася і ў 2020-м годзе, калі пераменаў запатрабавалі нейкія несвядомыя грамадзяне, якія «мала разбіраліся ў тонкасцях знешняй і ўнцтранай палітыкі». Але тады «дзякуючы кіраўніку дзяржавы і мужнасці ахоўнікаў правапарадку» удалося захаваць мір і незалежнасць. А «былыя правакатары пакінулі краіну» і «працягваюць кляпаць фэйкі за кошт заходніх спонсараў».
За ідэалагічнымі штампамі, з якіх складаецца кожная фраза вядоўцы, праглядаецца выразная мэта: заверыць чытачоў у тым, што Беларусь квітнее, а вакол яе ашчэрыліся ворагі. І што ў дзяржаве абвешчана барацьба з тымі, хто, «працуючы на дзяржаўных прадпрыемствах, падтрымлівае экстрэмісцкія погляды». З гэтай мэтай на прадпрыемствах і ва ўстановах праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, мэта якіх «не пакараць, а даць другі шанец», кажа Сяргей Іскол.
Далей ідзе падрабязны аповед пра такую «прафілактычную сустрэчу» у Полацку, на якой прысутнічалі супрацоўнікі «Белтэлекама» і работнікі пракуратуры. Прысутных запэўнівалі ў тым, што «нават адзін клік у інтэрнэце можа прывесці да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці». А таксама дэманстравалі матэрыялы судовых справаў, у якіх фігуравалі полацкія «бэлтэлекамаўцы», пакараныя за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іх вядоўца называе «звязанымі з экстрэмізмам» і падкрэслівае, што «іх жыццё ў сацыяльных сетках аказалася неправамерным».
У перадачы выкарыстаны фрагмент інтэрв'ю з Андрэем - мужчыным сталага веку, які прызнаецца, што «аддаў свой подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата». У гэтым аўтары перадачы таксама ўбачылі «крамолу», хаця прэзідэнцкія выбарчыя кампаніі за ўвесь час існавання суверэннай Беларусі праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Андрэй кажа, што ў «палітыку стараецца не лезці», але тут жа дэманструюцца кадры, на якіх – фотаздымак таго ж Андрэя ў «рамцы» з бел-чырвона-белым сцягам. Пасля суду за гэта мужчына быў звольнены. Сяргей Іскол цалкам падтрымлівае звальненні па палітычных прычынах і называе іх «справядлівымі наступствамі». І сцвярджае, нібыта ў кожнай арганізацыі ёсць нейкі « кодэкс прафесійных паводзінаў», які забараняе ўдзел у палітычных сходах і заклікі да іх правядзення».
Начальнік Полацкага занальнага вузла электрычнай сувязі Аляксандр Сушко па-свойму тлумачыць звальненні работнікаў пасля «палітычных» адміністрацыйнах справаў. Маўляў, такая «вядомасць» шкодзіць іміджу прадпрыемства.
Тым не менш, працягвае Сяргей Іскол, добрыя адмыслоўцы «на прадпрыемстве на вес золата», таму на некаторых прадпремствах «ідуць насустрач работнікам», не звальняючы іх пасля судоў за «экстрэмізм у інтэрнэце». Так, маўляў, вельмі пашанцавала інжынеру электрасувязі віцебскага "Белтэлекама" Аляксею Люцкаму. Яго асудзілі да арышту на 15 сутак за падпіскі на «экстрэмісцкія паблікі». І ў прапагандысцкай перадачы ён дзякуе адміністрацыі прадпрыемства за тое, што з ім «пайшлі на дыялог» і не звольнілі. Праўда, было гэта амаль год таму – у жніўні 2023-га. З тае пары нецярпімсаць да іншадумства істотна вырасла...
Сяргей Іскол распавядае і пра «прафілактычнае мерапрыемства» ў Навалукомлі, на мясцовай ГРЭС: «Сярод работнікаў былі ўдзельнікі пратэстаў, адміністратары чатаў і тыя, хто абражаў Лукашэнкі і сілавікоў». Такія людзі, кажа вядоўца, ужо не працуюць на прадпрыемстве. Гэта пацвярджае Галіна Авіжа, намесніца дырэктара філіяла па ідэалагічнай працы. Але засталіся тыя, хто падпісаны на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі, або хто нешта на іх «лайкнуў». Адзін з іх – Міхаіл Ляурда, намеснік начальніка паліўна-транспартнага цэху. Мужчына кажа, што паставіў «лайк» пад відэа пра роднае прадпрыемства, а сайт аказаўся «экстрэмісцкім». Кіраўніцтва прадпрыемства яму «даравала» - Міхаіла не звольнілі.
Напрыканцы перадачы вядоўца Сяргей Іскол наўпрост гаворыць, што рэпрэсіі за «экстрэмізм у інтэрнэце», як і тлумачальная праца ідэолагаў і пракурораў, узмоцненыя сёлета, бо наперадзе ізноў прэзідэнцкія выбары. Маўляў, будзе зроблена ўсё, каб падзеі 2020г. не паўтарыліся. Дарэчы, у перадачы віцебскага прапагандыста вельмі шмат відэахронікі тагачасных пратэстаў – бел-чырвона-белыя сцягі, натхнёныя твары. Для кантрасту яны перамяжаюцца кадрамі масавых беспарадкаў, знятымі не ў Беларусі, - але гледачам, якіх бнальна спрабуюць застрашыць, гэтага не тлумачаць.
Аляксандра Крыўко