Чацвер, 02 Студзень 2025

Партыя «Белая Русь» адкрыла ў Віцебску грамадскую прыёмную. Для каго?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Звыклае прызначэнне «грамадскіх прыёмных» - выслухоўваць грамадзян і спрыяць вырашэнню іхных праблем. Аднак мэты віцебскіх партыйцаў з «Белай Русі» - зусім іншая: там будзе весціся ідэалагічная апрацоўка землякоў, якія прыйдуць за падтрымкай у канкрэтных справах.

«Партийцы во время приемов, которые будут здесь проходить, расскажут людям, что делается для того, чтобы Беларусь становилась более крепкой, единой. Каждому важно понимать, каким курсом идет страна», - цытуе гарадская газета «Витебские вести» намесніка старшыні аблвыканкама Вячаслава Дурнова.

Яшчэ адна мэта грамадскай прыёмнай - «консолидировать гражданское общество, аккумулировать идеи активных граждан». Што потым мяркуюць зрабіць з гэтымі ідэямі пасля акупуляцыі, застаецца невядомым.

Урэшце, абяцае Вячаслаў Дурноў, наведнікаў усё ж выслухаюць, бо «каждому важно быть услышанным, донести свои идеи и предложения, высказать свои проблемы». Але якім чынам будуць вырашацца праблемы, адкуль у партыйнай структуры мусяць з'явіцца сродкі або «рычагі ўплыву», старшыня аблвыканкама не патлумачыў.

Падобна, што ў абласным цэнтры стварылі чарговую структуру для дэманстрацыі клопату пра простых людзей. Але простых людзей не запрасілі нават на адкрыццё грамадскай прыёмнай. Яно прайшло кулуарна, а «першымі наведнікамі» сталі галоўны ўрач віцебскай радзільні Алена Леановіч, дырэктарка СШ№45 Ірына Лашакова, вядучы спецыяліст па ідэалагічнай працы РУП «Віцебскэнэрга» Андрэй Шадзько, яго калега з вагоннага дэпо Яўгенія Ільіна, намеснік дэкана лячэбнага факультэта віцебскага медычнага ўніверсітэта  Яраслаў Перавалаў.

Яны падзяліліся ідэямі, якія наўрад ці можна назваць наватарскімі: прапанавалі развіваць прамысловы турызм, працягваць працу студэнцкіх атрадаў, арганізаваць дапамогу шматдзетным сем'ям, а таксама «был предложен ряд инициатив к 80-летию Победы в Великой Отечественной войне».

Барыс Маракоў