Пятніца, 06 Сакавік 2026

Эканамічны шантаж на фоне галечы: чаму «палёгка» для палітвязняў Віцебшчыны стала нерэальнай?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Праваабаронцы «Берасцейскай Вясны» і «Віцебскай Вясны» даследавалі, як крымінальна-выканаўчая сістэма патрабуе ад асуджаных высокіх даходаў у рэгіёне, дзе нават своечасовая выплата заробку стала рэдкасцю. Але сістэма патрабуе: «Спярша знайдзіце працу з большым даходам — тады атрымаеце змякчэнне пакарання». Але ці рэальна гэта?

Нядаўна мы разбіралі новыя магчымасці артыкула 187 КВК у матэрыяле «Права на «палёгку»: Як вырвацца з «хатняй хіміі» па правілах КВК». Аднак практыка 2026 года паказвае: фармальнае права на змякчэнне пакарання сутыкнулася з цынічнай рэальнасцю. Да праваабаронцаў Віцебшчыны і Брэстчыны паступае інфармацыя — палітычна асуджаным адмаўляюць у пераходзе на папраўчыя работы праз «нізкія заробкі».

 

Пастка «высокага заробку» ў рэгіёне даўгоў

Патрабаванне знайсці працу з больш высокім узроўнем даходу  выглядае здзекліва на фоне апошніх даных Камітэта дзяржкантролю. Да прыкладу на Віцебшчыне за мінулы год  толькі на малых прыватных прыдпрыемствах выяўлена больш за 60 выпадкаў затрымак заробкаў. Найгоршая сітуацыя — у Віцебску, Наваполацку, Оршы і Полацкім раёне.

Атрымліваецца замкнёнае кола: дзяржава не можа забяспечыць выплаты, а міліцыя патрабуе ад асуджаных быць «стаханаўцамі», каб атрымаць законнае права на паслабленне нагляду.

Праваабаронца Аляксандр, які займаецца маіторынгам умоў  утрымання ў месцах пазбаўлення волі і ўважліва сочыць за практыкай прымянення КВК, падкрэслівае:

«Калі раней галоўным стоп-сігналам быў прафулік і "экстрэмісцкі" статус, то цяпер дадаўся яшчэ і фінансавы бар'ер. Сістэма не проста хоча пакараць чалавека, яна хоча зрабіць гэта максімальна выгадна для сябе. Калі ты бедны — сядзі дома пад наглядам. Калі маеш грошы — дзяржава гатовая пагуляць у "гуманізм" за твой кошт».

 

Юрыдычны погляд: Паміж эканомікай і прымусовай працай

Сітуацыю па просьбе «Віцебскай Вясны» пракаментаваў юрыст і эксперт па пытаннях па прымусовай працы Алег Мацкевіч. Паводле яго слоў, патрабаванне пэўнага ўзроўню заробку для змякчэння пакарання не мае нічога агульнага з выпраўленнем.

«Калі дзяржава ставіць магчымасць змякчэння рэжыму ў залежнасць ад памеру заробку, яна фактычна займаецца камерцыялізацыяй пакарання. Мы бачым прыкметы прымусовай працы: чалавека стымулююць шукаць больш выгадную для бюджэту працу пад пагрозай застацца ў больш жорсткіх умовах утрымання. Такія дзеянні КВІ з'яўляюцца яшчэ адным інструментам ціску на неаабыякавых грамадзян».

Алег Мацкевіч падкрэслівае, што пры папраўчых работах асуджаны аказваецца ў «заложніках» у наймальніка, бо не можа звольніцца самастойна. Калі пры гэтым дзяржава яшчэ і забірае 25% даходу, то для многіх гэта ператвараецца ў працу за ежу без права на пратэст.


Чаму МУС «любіць» багатых?

Праваабаронцы ўжо звярталі ўвагу на тое, што  на Віцебшчыне "хатнія хімікі"  ў чаканні змякчэння пакарання раптам робяцца шчодрымі спонсарамі і ахвярадаўцамі, пачынаючы фінансава дапамагаць  сацыяльным установам. і справа тут не ў "перавыхаванні": ім проста даходліва тлумачаць шляхі да палёгкі праз укладанне ўласных грошай туды, дзе бракуе дзяржаўных.  Перавод на папраўчыя работы - гэта таксама спроба спагнання сродкаў на карысць дзяржавы. 

 Як тлумачаць юрысты ў матэрыяле «Фінансавае спагнанне і менш абмежаваны ў сваёй волі», пры замене «хіміі» на папраўчыя работы дзяржава забірае максімальны працэнт. Гэта чыстая матэматыка рэпрэсій: калі ў вас малы заробак, дзяржаве «невыгадна» вас выпускаць. Кантроль каштуе даражэй, чым тыя капейкі, што вы прынясеце ў казну.

 

Высновы

Рэформа Крымінальна-выканаўчага кодэксу 2025 года ператварылася ў інструмент маёмаснага селекцыянізму. Калі вы жывяце ў Віцебску ці Оршы і не маеце заробку «як у ІТ», шлях да змякчэння рэжыму для вас закрыты. Свабода на Віцебшчыне цяпер мае канкрэтны фінансавы цэннік, які большасць прадпрыемстваў рэгіёна проста не здольныя забяспечыць. Тым болей, што Віцебская вобласць ужо некалькі год трымае апошняе мусца ў краіне нават па так званых сярэдніх заробках.   

 Мы працягваем збіраць факты эканамічнага ціску на асуджаных. Калі вы сутыкнуліся з патрабаваннем «прынесці даведку аб высокім заробку» для змякчэння пакарання — паведамляйце нам ананімна. Таксама вы можаце звязацца з Берасцейскімі праваабаронцамі праз пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або напісаць у Telegram: @BrestSOS.