Панядзелак, 09 Сакавік 2026

Аршанская пракуратура паспрабавала патлумачыць, дзе знайшоўся “экстрэмізм” на інтэрнэт-рэсурсах праекта «Гэта База»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Уцямнага тлумачэння не атрымалася. Паводле службы інфармацыі пракуратуры Аршанскага раёна, “информационные материалы в группе информационных ресурсов hetabaza носили характер систематических публикаций экстремистской направленности, также ряд групп и сообществ, репосты записей которых в них размещены, в соответствии с решениями судов Республики Беларусь признаны экстремистскими материалами». Вы нешта зразумели?

Але, сыходзячы з тэксту, які надрукаваў сайт “Аршанскай газеты”, тлумачэнні і не былі першаснай задачай. Палова нататкі – гэта запалохванне чытачоў адміністрацыйнай адказнасцю за перадрукі і “лайкі” матэрыялаў на “экстрэмісцкіх” інфармацыйных рэсурсах. За што канкрэтна іх такімі прызнаюць – пракуратура зноў не ўзяла на сябе клопат разабраць для простых людзей.

Нагадаем, 4 сакавіка суд Аршанскага раёна і горада Оршы на пазоў мясцовай пракуратуры  прызнаў “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй  5 інтэрнэт-рэсурсаў адукацыйнага праекта “Гэта база”: аднайменны сайт, старонку ў Instagram, стронку ў TikTok ,  Telegram-канал і Youtube-канал. 5 сакавіка яны былі ўключаны ў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.  

Калі вы думаеце,  што  на ўсіх гэтых інтэрнэт-рэсурсаў спрэс бел-чырвона-белыя сцягі або партрэты апазіцыйных палітыкаў, то памыляецеся. “Гэта база” – назва беларускай асветніцкай ініцыятывы, якая пачала сваю дзейнасьць у снежні 2022 года. Яна мае на мэце папулярызацыю базавых ведаў па такіх тэмах,  як правы чалавека, экалогія, нацыянальная гісторыя і інш., прапагандуючы культуру дэмакратыі і міру, актывізму і грамадзянскага ўдзелу, а таксама салідарнасці і ўзаемадапамогі праз адукацыйную дзейнасць.

Рамір Ігнатаў