Як адзначае КДК, Сафійскі сабор у Полацку мае велізарную гісторыка-культурную каштоўнасьць для краіны, таму работы па яго рэстаўрацыі знаходзяцца на асаблівым кантролі. Між тым, нягледзячы на існуючую сур’ёзную сыстэму кантролю, без парушэньняў, у тым ліку і без адкрытага завышэньня кошту выкананых работ на гэтым аб’екце таксама не абышлося. Больш таго, мясцовыя ўлады праявілі проста дзіўную безадказнасьць, якая наводзіць на думку, што хтосьці з адказных асоб мог мець свой інтарэс на аб’екце.
Напрыклад, нягледзячы на выключную важнасьць Сафійскага сабору, мясцовыя ўлады аддалі падрадную замову прыватнай кампаніі, якая, паводле дадзеных КДК, нават ня мела штатных будаўнікоў. Арганізацыя, якая выйграла тэндэр, прыцягвала для выкананьня работ па дамове падраду беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў мясцовым цэнтры занятасьці. У прыцягнутых беспрацоўных нават не глядзелі дакумэнты, ці ёсьць у іх якая-небудзь будаўнічая кваліфікацыя. І гэта пры тым, што і ў вобласьці, і ў Полацку маюцца дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі з дасьведчанымі будаўнічымі кадрамі. Зразумела, што з такой арганізацыяй рэканструкцыі Сафійскага сабору і гаворкі не магло весьціся пра нейкую якасьць або захаваньне тэрмінаў выкананьня работ.
Так, паводле дадзеных КДК, з-за зьменаў і дапаўненьняў, што неаднаразова ўносіліся ў праект, працягласьць будаўніцтва аб’екту павялічылася ўдвая. Калі раней меркавалася правесьці ўсе работы за 13 месяцаў, што і было абумоўлена пры выбары падрадчыка, то потым тэрмін склаў 26 месяцаў. Працы на аб’екце, які мае важную гісторыка-культурную каштоўнасьць, таксама праводзіліся без выкананьня тэхналёгіі і безь неабходнага дасьледаваньня.
Напрыклад, да пачатку правядзеньня работ па рэстаўрацыі тынкоўкі заказчыкам не былі праведзеныя неабходныя дасьледаваньні па наяўных дэфэктах. У выніку пры замене шыбаў сабору быў парушаны цепла-вільготнасны рэжым памяшканьняў, што запатрабавала дадатковага прыладжаньня прытокавай вэнтыляцыі з мэханічным імпульсам. Але нават гэта ня выратавала тынкоўку, і падчас праверкі супрацоўнікі КДК выявілі шматлікія пашкоджаньні вонкавых сьцен. Карэктаваньне праекту па гэтым кірунку каштавала бюджэту дадаткова 90 мільёнаў рублёў.
Зрэшты, у кантралёраў знайшліся прэтэнзіі ня толькі да якасьці, але і сумленнасьці падрадчыка, які ўключаў у кошт работ усё што толькі магчыма: камандзіровачныя выдаткі, розныя кампэнсацыі і выплаты стымулюючага характару. У выніку агульнае завышэньне кошту работ на аб’екце склала 654 мільёны рублёў.
У цяперашні час матэрыялы праверкі КДК накіраваныя ў праваахоўныя органы, якія павінны даць прававую ацэнку дзеяньням ня толькі падрадчыка, але і службовых асоб з боку выканаўчай улады, якія зь незразумелай прычыны аддалі сацыяльна значны праект на выкананьне прыватнаму падрадчыку.
Крыніца: Ежедневник