Панядзелак, 04 Жнівень 2014

Наймальнік напісаў скаргу сам на сябе?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

У кнізе заўваг і прапаноў ААТ «Полацак-Шкловалакно» зьявілася скарга на парушэньне адміністрацыяй прадпрыемства ўказу прэзыдэнта. Скарга напісаная 23.07.2014 г. ад імя старшыні Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава. Пры гэтым, як сьцьвярджае апошні, 23 ліпеня кнігу яму на рукі ня выдалі, таму ніякага запісу ў ёй ён у той дзень не рабіў.

Пра дзіўны запіс у кнізе заўваг і прапаноў стала вядома з пастановы полацкага РАУС аб спыненьні адміністрацыйнай справы супраць службовай асобы ААТ «Полацак-Шкловалакно», які адмовіўся выдаць кнігу заўваг. У матэрыялах справы ёсьць копія старонкі кнігі, дзе пазначаная дата 23.07.2014 г. і зроблены запіс, што «парушаны ўказ прэзыдэнта аб звароце грамадзян і арганізацыяў», з подпісам старшыні прафсаюзу.

У пастанове аб спыненьні справы сказана: «З пратаколу апытаньня Зацірахіна В.Д. вынікае, што перашкод заяўніку ў выдачы кнігі заўваг і прапаноў ніхто не чыніў і Стукаў зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў 23.07.2014 году». Васіль Зацірахін, згаданы ў пратаколе, зьяўляецца начальнікам аддзелу прававога забесьпячэньня ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Паколькі прафсаюзны лідэр 23 ліпеня так і ня здолеў атрымаць кнігу заўваг і прапаноў, значыць, запіс быў кімсьці сфальшаваны? Тым больш, што, як сьцьвярджае Віктар Стукаў, пісаць скаргу ён зьбіраўся зусім не пра парушэньне ўказу прэзыдэнта, а пра парушэньне «Закону аб прафэсійных саюзах»  – пра перашкаджэньне службовай асобай наведваньня прадпрыемства прадстаўніком прафсаюзу.

Нагадаем, 23 ліпеня старшынём прафсаюзу была выкліканая міліцыя, і старшы ўчастковы Валер Іваноў склаў пратакол апытаньня аб парушэньні адміністрацыяй дэкрэту №2 «Аб удасканаленьні работы з насельніцтвам». Паводле гэтага дэкрэту ўпаўнаважаная асоба арганізацыі абавязаная прад’яўляць кнігу заўваг па першым патрабаваньні грамадзяніна. За парушэньне гэтага палажэньня прадугледжаны штраф службовай асобе ў памеры ад 4 да 10 базавых велічынь. Выходзиць, нехта ў адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» сфальшаваў скаргу на сябе, каб не плаціць штрафу?

Віктар Стукаў заявіў, што зьбіраецца абскардзіць пастанову міліцыі пра закрыцьцё справы вышэйстаячай службовай асобе ў віцебскае абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў.