Нядзеля, 05 Студзень 2014

Не зважаючы на абяцаньні Косінца, у Полацку зьнішчаюць дрэвы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У парушэньне слоў губэрнатара Аляксандра Косінца, што ніводнае дрэва ня будзе сьпілаванае, полацкія будаўнікі цішком сьпілавалі дрэвы. Будаўнікі гандлёвага цэнтру такім чынам пашырылі пляцоўку для аўтамабільных стаянак. Ані райвыканкам, ані ЖКГ Полацку не былі пастаўленыя ў вядомасьць наконт зьнішчэньня аб’ектаў зялёнага сьвету.

Будаўніцтва крамы па вуліцы Кастрычніцкай, у раёне новага мікрараёна, вядзе ТАА « ПКФ Алегра». Аб’ект пачалі будаваць без грамадзкіх абмеркаваньняў. Ужо падчас будаўніцтва, 10 верасьня, райвыканкам паспрабаваў правесьці грамадзкія слуханьня «па пытаньні меркаванага выдаленьня аб’ектаў расьліннага сьвету». Але пасьля сустрэчы грамадзкіх актывістаў са старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам, які запэўніў людзей, што «ніводнае дрэва сьпілаванае ня будзе», гарадзкія ўлады слуханьня адмянілі.

Палачане накіравалі дзьве скаргі наконт зьнішчэньня дрэў (у пракуратуру і камітэт дзяржкантролю), якія былі перапраўленыя ў полацкі райвыканкам – адказу на іх няма дагэтуль. Але на 11 лістапада ў будынку райвыканкаму быў прызначаны пачатак грамадзкага абмеркаваньня праекту гандлёвага цэнтру, які ўжо будаваўся па адрасе вуліца Кастрычніцкая, 84. У гэты дзень абмяркоўваць аказалася няма чаго, праект яшчэ ня быў выстаўлены. Пра што былі зробленыя запісы грамадзянамі ў кнігу заўваг і прапаноў райвыканкаму.

Пазьней праект усё ж быў выстаўлены, але тэрміны абмеркаваньня былі парушаныя. Пасьля азнаямленьня з праектам у сьнежні, палачане адправілі ў райвыканкам прапановы па зьмене праекту. Пад прапановай падпісалася 122 чалавекі. Грамадзяне прапанавалі зьмены: захаваць прыгожыя бярозы і перанесьці паркоўкі для аўтамабіляў на некалькі мэтраў у бок, балазе месца там дастаткова.

І вось 19 сьнежня невядомыя людзі (відавочна, работнікі ТАА «ПКФ Алегра») без апавяшчэньня службаў райвыканкаму самавольна сьпілавалі некалькі вялікіх бяроз, што расьлі побач з будаваным аб’ектам. Цікава, што кампанія «Алегра» калісьці заявіла пра паляпшэньне экалягічнага стану мікрараёну як пра адну зь пераваг будаванага аб’екту.

Дзеяньне кампаніі выклікала вялікае абурэньне палачан. Неабыякавыя грамадзяне рыхтуюць шэраг мерапрыемстваў, каб абараніць сваё права на экалягічна чыстае асяродзьдзе пражываньня ў Полацку.

Кампанія ТАА «ПКФ Алегра», для якой слова губэрнатара нічога ня значыць, – гэта «прамысловая хімічная кампанія», якая займаецца аптовым продажам аўтамабільных, прамысловых алеяў і спэцыяльных вадкасьцяў, а таксама гандлюе аўтакасмэтыкай і аўтааксэсуарамі.

dyjalog.info