Ля трасы, што вядзе зь Віцебску да райцэнтру Гарадок, ідзе масавая высечка елак. Віцебскі актывіст КХП-БНФ абураны гэтым фактам. «Прашу адказаць мне, на якой падставе праводзіцца высечка елак лесаахоўнай паласы ўздоўж дарогі Віцебск-Гарадок, пачынаючы з Баталей і амаль да Гарадка», – напісаў Ян Дзяржаўцаў у абласны камітэт рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Актывіст таксама просіць высьветліць, хто канкрэтна аддаў такі «бязглузды загад».
«Елкі прыкладна 30-гадовага ўзросту, – камэнтуе Ян Дзяржаўцаў, – былі вырашчаныя ў лесагадоўлі і высаджаныя, каб абараняць дарогу ад сьнежных гурбаў. На гэта былі выдаткаваныя вялікія сродкі. Я абураны безгаспадарчасьцю і і марнаваньнем дзяржаўных сродкаў з боку людзей, якія аддалі бязглузды загад па зьнішчэньні сьнегазатрымальнай паласы зёлак».