Тэма экалёгіі зьяўляецца надзённай для Наваполацку. Паводле дадзеных некаторых інтэрнэт-крыніцаў, горад ў 2014 і 2015 гадох прызнаваўся адным з самых экалягічна небясьпечных у Беларусі. Таму тэма сустрэчы выклікала пэўную цікавасьць у грамадзкасьці. Тым больш, што на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі заводаў «Нафтан» і «Палімір». Гэта тыя крыніцы, ад якіх залежыць экалёгія ў горадзе.
Спачатку прадстаўнікі адміністрацыі трымаліся насьцярожана, потым, зразумеўшы, што сабраліся адэкватныя, неабыякавыя людзі, супакоіліся. Гамонка пайшла ў пазытыўным ключы. Вядома, было шмат звычайнага: «У нас усё ня горш, ніж у іншых, і ўсё не перавышае дапушчальных нормаў». Але таксама высьветлілася, што многае сапраўды робіцца – у межах наяўных сродкаў для паляпшэньня экалягічнай сытуацыі на вытворчасьцях і, адпаведна, у горадзе. Нават маюцца пацярпелыя за экалёгію сярод адміністрацыі, аштрафаваныя судом за адстойваньне экалягічных нормаў.
У сувязі з тым, што на сустрэчы не было прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў, не разглядалі пытаньне пра алергацэнтар, зь незразумелых прычын закрыты. Цяпер у Наваполацку нават няма лекара-алерголяга.
Сустрэча скончылася пазытыўна. Актывісты высьветлілі, чым можа дапамагчы грамадзкасьць. Аказваецца, у горадзе перапоўнены палігон для цьвёрдых бытавых адкідаў, і сьмецьце неўзабаве будзе няма куды вывозіць. І пытаньне трэба ўзьнімаць.
Яўген Вільскі, freeregion.info