Чацвер, 01 Лістапад 2018

У Віцебску прайшоў фэстываль «ЭкаКубак»

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)

Цягам шасьці дзён у Віцебску ў бітлз-клюбе «Паддашак» у межах міжнароднага фэстывалю зялёнага дакумэнтальнага кіно «ЭкаКубак» праходзілі бясплатныя паказы фільмаў.

Кінасэансы пачаліся 25 кастрычніка фільмам «У пошуках сэнсу», які расказвае пра падарожжа двух сяброў па Амэрыцы, Эўропе і Азіі. Падчас вандроўкі героі дакумэнтальнага аповеду спрабуюць знайсьці адказы на пытаньні пра жыцьцё на плянэце.

Скончыўся фэстываль 30 кастрычніка кінастужкай «Прынясі дадому сонца».

Сваю гісторыю «ЭкаКубак» вядзе з 2010 году, калі ў Маскве былі паказаныя першыя фільмы на экалягічную тэму. Пасьля былі Ўкраіна і Казахстан. І вось цяпер упершыню фэстываль дабраўся да Беларусі. Апроч Віцебску, кінапрагляды адбыліся ў Менску, Барысаве, Баранавічах, Берасьці і Бабруйску.

На заключны кінапаказ, які закрываў праграму фэстывалю, сабралася ўсяго зь дзясятак чалавек.

На пачатку імпрэзы зь невялікай прамовай выступіла Вікторыя Дашкевіч, валянтэрка цэнтру ўрбаністычных праектаў і ініцыятываў «Прастора». Яна паведаміла, што арганізатарам «ЭкаКубка» ў Беларусі выступіла таварыства «Зялёная сетка», а правайдэрам у Віцебску стаў цэнтар «Прастора».


Вікторыя Дашкевіч

Адметна, што ўсе сэансы ў гарадох Беларусі, у якіх праходзіў фэстываль, пачыналіся ў адзін і той жа час. Паводле Вікторыі, гэта было зроблена для таго, каб «стваралася гэткая своеасаблівая супольнасьць, якая ўся разам, у розных гарадох краіны, думала б пра будучыню нашай Зямлі, пра месца чалавецтва на гэтай Зямлі. Пра будучыню чалавецтва, якое мусіць зьмяніць свае звычкі, каб і надалей жыць на нашай плянэце было добра і камфортна».

«Прынясі дадому сонца» – гэта фільм італьянскай рэжысэркі К'яры Андрыч. Стужка дэманстравалася на мове арыгіналу з расейскімі субтытрамі.

У аснове сюжэту – гісторыя чатырох простых жанчын з розных краін сьвету, якія выправіліся ў Індыю ў так званы Barefoot College («Каледж басанож»), каб навучыцца зьбіраць сонечныя батарэі і пасьля ўсталёўваць іх на дахах вясковых дамоў у сваіх рэгіёнах. У іх няма ні вышэйшай адукацыі, ні якіх-небудзь тэхнічных навыкаў. Яны нават ня ведаюць ангельскай мовы. Але затое ў іх ёсьць імкненьне памяняць сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх аднавяскоўцаў, у якіх няма і ніколі не было электрычнасьці. Прайшоўшы навучаньне ў Індыі, кабеты вяртаюцца ў свае краіны і навучаюць мясцовых жыхароў, як трэба карыстацца сонечнымі батарэямі і электрычнасьцю. Гэта гісторыя ня толькі пра чатырох жанчын, але і пра тое, як зьмяняецца жыцьцё простых людзей, якія ніколі ня мелі дабротаў сучаснай цывілізацыі і да якіх раптам прыходзіць узнаўляльная сонечная энэргія. Гісторыя пра тое, што сучасныя тэхналёгіі бываюць ня толькі карыснымі, але і экалягічна чыстымі.

Уладзімер Бяляўскі