У 2013 годзе Аляксандар Косінец, зьяўляючыся старшынём аблвыканкаму, абяцаў палачанам, што ніводнае дрэва ў парку сьпілаванае ня будзе. Але з павышэньнем Касінца на пасадзе да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта яго словы страцілі дзейснасьць.
Цяпер жыхары Полацку зноў зьбіраюць подпісы пад скаргай у пракуратуру, да абласных уладаў і да Аляксандра Косінца ў адміністрацыю прэзыдэнта. Яны патрабуюць праверыць законнасьць зьмяненьняў у праекце добраўпарадкаваньня на прывакзальнай плошчы. У лісьце пракурору занепакоеныя месьцічы задаюць пытаньне: «Ці ўносіліся зьмены ў праектна-каштарысную дакумэнтацыю і калі так, то ці праводзілася пасьля гэтага паўторная дзяржаўная экспэртыза і паўторнае зацьвярджэньне архітэктурных, будаўнічых праектаў?»
Сёлета ў чэрвені палачане зьвярталіся да ўладаў, выказваючы непакой з нагоды непрывабнага выгляду прывакзальнага парку па заканчэньні будаўніцтва гандлёвага цэнтру каля вакзалу. Тады намесьнік старшыні Полацкага райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч пісьмова запэўніў месьцічаў, што да ўводу ў эксплёатацыю гандлёвага цэнтру (прызначаны на 30 верасьня) будзе адноўленае добраўпарадкаваньне тэрыторыі прывакзальнага сквэру. Пра будаўніцтва аўтапаркоўкі на месцы сквэру нічога не было сказана. А цяпер у аддзеле архітэктуры Полацку кажуць, што сьпілоўка чатырох дрэў ля чыгуначнага вакзалу прадугледжаная праектам, што гандлёвы цэнтар нельга эксплёатаваць без дастатковай колькасьці месцаў для паркоўкі аўтамабіляў.
Нагадаем, увосень 2013 году грамадзкасьць Полацку зладзіла вялікую грамадзянскую кампанію па абароне дрэў у прывакзальным парку і дамаглася посьпеху. Прайшлі тры сходы гарадзкой грамадзкасьці, накіроўваліся скаргі ў кантралюючыя органы з тысячамі подпісаў, ладзілася сустрэча палачан са старшынём аблвыканкаму, у газэтах і ў інтэрнэце былі апублікаваныя дзясяткі нататак.
Абласныя ўлады тады пісьмова паабяцалі, што ніводнае дрэва на прывакзальнай плошчы ня будзе сьпілаванае. Як казаў Аляксандар Косінец на асабістым прыёме палачан, «гэтаму бязладзьдзю не бываць, у Полацку і так шмат месца для будаўніцтва гандлёвых аб'ектаў, дзе няма неабходнасьці зьнішчаць дрэвы». Тэрыторыя парку была перададзеная для добраўпарадкаваньня райвыканкаму Полацку.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна
https://vitebsk.dns.army/news/ekaliohija/item/316-isnavanne-pryvakzalnaga-parku-u-polatsku-znou-pad-pagrozaj#sigProId5a3d56fe17