Гэтай традыцыі ўжо амаль 20 гадоў: самы першы раз спадар Барыс Хамайда наведаў могілкі на Дзень памяці ў далёкім 2006 годзе – калі прыяжджаў на магілу свайго найбліжэйшага паплечніка Ўладзімера Плешчанкі, якога ня стала ў той год. У свой час Плешчанка ўзначальваў Віцебскую арганізацыю КХП БНФ, быў адным з арганізатараў супраціву дзейнасьці так званага “ГКЧП” у Віцебску ў жніўні 1991 году. Яго пахавалі на Фалькоўшчынскіх могілках каля вёскі Друкава, грошы на помнік збіралі грамадой. Штогод Барыс Хамайда прыязжае на месца спачыну свайго сябра (архіўнае фота).
Шмат аднадумцаў спадара Хамайды пахаваныя на гарадзкіх могілках “Копці”. Могілкі аграменныя, але сябры разам з Барысам Хамайдам заўсёды імкнуліся абысці ўсе дарагія магілы.
Апошняй кропкай падарожжа памяці заўсёды быў мемарыял каля вёскі Паляі. У лесе ля Паляёў ляжаць сотні, а мо і тысячы невядомых ахвяраў сталінскага рэжыму. Пра гэтае месца стала вядома ў канцы 1980-х дзякуючы ўспамінам мясцовых жыхароў. “Там, у лесе, у 50 метрах ад шашы, стаіць вялікі металічны крыж з надпісам “Ахвярам таталітарнага рэжыму”. Паклалі кветкі, запалілі свечку. Прачытаў малітву за Беларуcь”, - напісаў Барыс Хамайда на сваёй старонцы ў Facebook.
Сяргей Верны
Нядзеля, 02 Лістапад 2025
Барыс Хамайда працягвае традыцыю
Ужо не адно дзесяцігоддзе на Дзяды найстарэйшы віцебскі апазіцыянер адведвае могілкі сяброў – прадстаўнікоў дэмакратычнага руху Віцебска. Не забывае адведаць і месца масавых сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Паляі, што ў Віцебскім раёне. У розныя гады памінальныя імпрэзы праходзілі па-рознаму: бывалі такімі масавымі, што даводзілася замаўляць аўтобус, каб змясціць усіх ахвотных, а бывалі і такія, як сёлета – калі да Барыса Хамайды далучаліся ўсяго 1-2 чалавекі.
Апублікавана ў
Рознае