Аўторак, 08 Лістапад 2016

Што такое паб-квізы і чым яны вабяць віцебскіх інтэлектуалаў?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Апошнім часам у Віцебску набіраюць абароты інтэлектуальныя гульні ў фармаце гэтак званых паб-квізаў. Што ж гэта такое? І чаму людзі гатовыя траціць час і грошы, адказваючы на чыесьці пытаньні?

Стаж ня мае значэньня

У многіх савецкіх сем'ях добрай традыцыяй быў сумесны прагляд перадачы «Што? Дзе? Калі?». Бацькі і дзеці разам са знаўцамі ламалі галаву над выкручастымі пытаньнямі тэлегледачоў і неверагодна ганарыліся сабой, калі ўдавалася пераважыць вядомых усёй краіне інтэлектуалаў. Аднак збольшага тыя, хто з канапы сачыў за падзеямі ў элітарным клюбе, заставаліся староньнімі назіральнікамі. Вядома, некаторыя аб'ядноўваліся ў каманды і ладзілі ў гарадох свае інтэлектуальныя гульні. Але гэта, адкрыта скажам, быў рух не для ўсіх – тут на значны вынік працавалі гадамі, і людзі з вуліцы сюды проста так трапіць не маглі. Са зьяўленьнем паб-квізаў кожны ахвотны атрымаў шанец бліснуць розумам.

Паходжаньне тэрміну простае: паб – гэта тып установы, а «quiz» у перакладзе з ангельскай – «віктарына». То бок людзі зьбіраюцца ў любым бары, кавярні, рэстарацыі і адказваюць на пытаньні, якія прапануе вядоўца. Гульнявы стаж ня мае значэньня, галоўнае – заплаціць за ўдзел (унёсак звычайна супастаўны з коштам квітка ў кіно) і прыдумаць назву каманды. Паралельна, пакуль спаборнічаеш, можна паесьці-папіць, а ў паўзах – пагутарыць зь сябрамі.

Дарэчы

У Беларусі такі рух, як паб-квіз, стартаваў гады чатыры таму. Першапраходцамі сталі менчукі. Як высьветлілася, ахвотных патраціць вольны час на ўдзел у інтэлектуальных гульнях у нас у краіне больш чым дастаткова. Пачалі размнажацца аналягічныя праекты, як створаныя праз набыцьцё папулярных замежных франшызаў, гэтак і айчынныя. Ужо ў 2015 годзе ў сталіцы іх налічвалася каля паўтара дзясяткаў. Некаторыя пайшлі ў рэгіёны, у тым ліку і ў Віцебск.

Два – гэта толькі пачатак

На пачатку 2016-га ў горадзе на Дзьвіне праходзілі два паб-квізы: «МозгаБойня» і «Brain Breakers». Першы – прывазны, то бок пакет заданьняў для яго фармуецца арганізатарамі ў Менску, другі зьяўляецца стварэньнем мясцовага ўдзельніка інтэлектуальных гульняў Рыната Карымава. Віцебскі праект хоць і паўстаў пазьней, але ўжо карыстаецца ў абласным цэнтры несумненнай папулярнасьцю.

Як прызнаўся Рынат Карымаў, аднойчы яму здалося цікавым ня толькі адказваць на арыгінальныя пытаньні, але і самому іх прыдумляць. А паколькі франшыза не дазваляла рэалізаваць уласныя ідэі, то давялося ўвасабляць у жыцьцё асабістую ініцыятыву. Стартавала яна ў жніўні 2015 году. Тут вядоўцу ніхто не абмяжоўваў, ён мог мяняць туры хоць кожны раз у пошуках таго, што будзе максымальна цікава і яму самому, і ўдзельнікам.

– У амаль тры дзесяткі гульняў, якія мы правялі, я зьмясьціў каля 10% таго, што хацелася. Але запас у 90% яшчэ застаўся, – кажа арганізатар «Brain Breakers». – Таму я спадзяюся, што яшчэ як мінімум гадоў пяць праект будзе жыць.

Рынат Карымаў адзначае, што спачатку ў праекце ўдзельнічала шмат людзей, блізкіх да клясычных інтэлектуальных гульняў ( «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг» і г.д.). Іх прапорцыя з тымі, хто ніколі раней гэтым не займаўся, была 50 на 50. А цяпер колькасьць «інтэлектуалаў са стажам» зьнізілася да 10-15%.

Паб-квізы папаўняюцца народам збольшага дзякуючы асабістым сувязям і «сарафаннаму радыё». Людзі, якім спадабалася віктарына, прыводзяць туды сваіх сяброў, сваякоў, былых аднакурсьнікаў, аднаклясьнікаў. Хтосьці далучаецца да старажылаў, хтосьці арганізуе ўласныя каманды. Апроч таго, у арбіту падзеі часам уцягваюцца міжвольныя сьведкі – наведвальнікі кавярняў, дзе ладзяцца турніры. Паводле слоў Рыната, апошнім часам практычна ніводная віктарына не праходзіць без пачаткоўцаў.

Паколькі колькасьць аматараў паб-квізаў у Віцебску расьце, узмацняецца і канкурэнцыя ў гэтай сфэры. Сёлета ў горадзе зьявіліся тры новыя франшызы: летам адкрыўся праект «Jack Quiz», а восеньню да яго дадаліся «Bernard Show» і «Ума палата». У кожнай з гэтых гульняў ёсьць свае адметнасьці: першая, напрыклад, лічыцца найбольш блізкай па пытаньнях да клясычных забаваў інтэлектуалаў, а другая адрозьніваецца вялікай колькасьцю і, адпаведна, разнастайнасьцю заданьняў. Пакуль рана казаць пра тое, колькі удзельнікаў яны прыцягнуць. Не выклікае сумненьняў толькі адно: гэткія віктарыны прыйшліся людзям па душы і, значыць, будуць існаваць.

За і супраць

Аднак не ўсе ацэньваюць паб-квіз станоўча. Калі ўважліва пачытаць водгукі ў інтэрнэце, то можна пабачыць, што часам такія гульні нават называюць псэўдаінтелектуальнымі – маўляў, да ўзроўню «Што? Дзе? Калі?» ім ніколі не дацягнуцца, на іх шараговыя грамадзяне разьбіраюцца з шараговымі пытаньнямі. Наколькі гэта слушна?

З аднаго боку, заданьні віктарын сапраўды лягчэйшыя. Прычым значная іх частка разьлічаная ня гэтулькі на інтэлектуалаў, колькі на эрудытаў – то бок лагічна адказ ня вылічыць, яго папросту трэба ведаць. Напрыклад, назваць па ўрыўку песьню або фільм, апазнаць чалавека па фрагмэнце фота (вачам або усьмешцы). Дарэчы, каб ускладніць задачу, здымак часта перагортваюць дагары нагамі, дык што, спрабуючы разгледзець карцінку, людзі ў літаральным сэнсе дружна спрабуюць стаць уніз галавою. Мо гэта і не інтэлектуальна, затое як весела!

З другога боку, глузд на паб-квізе ў кожным разе напружваць даводзіцца. Трэніруюцца памяць, увага, мысьленьне, тым больш што частка пытаньняў патрабуецца ўсё-такі лягічна раскручваць, а стартавай пляцоўкай для гэтага зьяўляюцца наяўныя веды. Але нават калі ваша каманда раз-пораз ня можа выйсьці ў лідэры, удзел у гульні не выяўляецца зусім ужо бескарысным: нейкія зьвесткі нехаця асядаюць у галаве, пашыраючы далягляд.

– Калісьці Ўладзімер Варашылаў сказаў: каб гуляць у «Што? Дзе? Калі?», дастаткова добра засвоіць школьную праграму, бо пытаньні павінны адкрываць невядомае ў вядомым, заахвочваць глядзець на відавочнае пад нестандартным вуглом, змушаючы працаваць лёгіку і законы мысьленьня. Сутнасьць паб-квізу іншая. Гэта папулярызатарскі рух, нават не спаборніцтва, а спосаб бавіць вольны час з задавальненьнем і карысьцю, трэніроўка памяці, праверка начытанасьці, шыраты музычных і мастацкіх прыхільнасьцяў, – кажа Яўгенія, выкладчыца ВНУ, якая каля 20 гадоў займаецца інтэлектуальнымі гульнямі, а апошнімі гадамі таксама актыўна ўдзельнічае ва ўсіх віцебскіх віктарынах. – Такія сустрэчы дазваляюць прапампаваць сваю рознабаковасьць, даведацца нешта новае пра навакольны сьвет.

Ня варта забывацца і на такі плюс паб-квізаў, як зносіны. Не таямніца, што сямейныя абавязкі, бытавыя клопаты, а часам звычайная стома замінаюць дарослым людзям часта сустракацца. Успомніўшы, што трэба аднесьці чаравікі ў абутковую майстэрню або навесьці парадак у шафе, мы адкладваем чарговы паход у госьці. Наступным разам нас спыняе дождж, потым – думка пра неймаверную колькасьць назапашаных на працы спраў... Віктарына жа нібы адкрывае другое дыханьне, стымулюючы выйсьці з хаты. А імкненьне сабраць пасьпяховую каманду прымушае ўспомніць старых прыяцеляў, стэлефанавацца з колішнімі аднакурсьнікамі. У выніку для некаторых гульня ператвараецца ў своеасаблівы вечар сустрэчы выпускнікоў.

Ёсьць і тыя, для каго паб-квіз становіцца цудоўным спосабам самасьцьверджаньня і адпачынку.

– Прыемна ўсьведамляць, што твае веды могуць спатрэбіцца, бачыць, як, пачуўшы пытаньне, каманда з надзеяй глядзіць на цябе, – адзначае Аляксей, электрамэханік паводле прафэсіі. – Вядома, мае значэньне спаборніцкі момант, усім, па вялікім рахунку, хочацца перамагчы, але насамрэч ня гэта галоўнае. На першае месца выходзіць магчымасьць цудоўна правесьці вечар, забыўшыся на час гульні пра штодзённыя праблемы. Бо зь якім бы настроем ні прыйшлі людзі, неўзабаве амаль усе яны ўсьміхаюцца.

Падобнае меркаваньне выказаў і Рынат Карымаў:

– У нас нямала ўдзельнікаў, для якіх асноўнай мэтай зьяўляецца не перамога, а зносіны. У жыхароў абласнога цэнтру звычайна ёсьць магчымасьць займальна адпачыць у выходныя дні. Але Віцебск не настолькі буйны горад, каб у будні было шмат культурных мерапрыемстваў. Паб-квіз у такім выпадку – добрая альтэрнатыва.

Дадатковыя бонусы

Нягледзячы на вышэйсказанае, гульні па сутнасьці сваёй застаюцца спаборніцтвам. І цалкам прыязная атмасфэра, якая пануе там, не перашкаджае ўдзельнікам азартна змагацца за прызавыя месцы. Тым, хто трапіў у тройку лідэраў, у фінале ўручаюцца прызы. Яшчэ адзін прыемны бонус паб-квізаў – фотаздымкі: у гульцоў застаюцца памятныя кадры, якія выкладваюцца пасьля віктарын у сацсетках.

Безумоўна, адказваць на пытаньні, пашыраючы далягляд, цяпер можна і ў інтэрнэце. І зьбірацца сваёй кампаніяй у кожны зручны дзень, а не тады, калі прапануе арганізатар. І рабіць здымкі сягоньня ёсьць магчымасьць практычна ў кожнага. Але, напэўна, толькі калі ўсё гэта злучаецца разам, атрымліваецца па-сапраўднаму выдатны вечар. Мабыць, таму і заяўляюцца на віктарыны ўсё новыя каманды, а тыя, хто ўжо паспрабаваў там свае сілы, абавязкова прыходзяць на гульні зноў.

Лілія Іўчанка, http://vitvesti.by//
Фота: Арцём Маклакоў