У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сябры палітычных партыяў і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў і рухаў гораду, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьці і ставяць перад сабой задачу захаваць незалежнасьць Беларусі.
Мікола Статкевіч выступіў зь вялікай прамовай, у якой распавёў пра дзейнасьць Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і пра стварэньне рэгіянальных кааліцыяў ў многіх гарадох Беларусі. Асаблівую ўвагу ён надаў палітычнай сытуацыі ў краіне. На яго думку, праз злачынныя дзеяньні ўлады Беларусь цяпер знаходзіцца ня толькі ў эканамічным, але і ў глыбокім палітычным крызысе. Над краінай навісла рэальная пагроза страціць незалежнасьць. І стварэньне ў розных рэгіёнах Беларусі дэмакратычных кааліцыяў – крок, накіраваны на тое, каб хоць неяк зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок.
Удзельнікі сустрэчы дзяліліся паміж сабой бачаньнем таго, якім чынам можна паўплываць на сытуацыю, каб сцэнар, які рэалізаваўся ва Ўкраіне (акупацыя тэрыторыі), ня стаў і для Беларусі магчымым, і прыйшлі да высновы, што, толькі дзейнічаючы супольна, можна дамагчыся станоўчага выніку. І што ўсе праблемы зьяўляюцца вынікам бяздумнай палітыкі дзейнай улады, якую даўно час мяняць.
Пры канцы сустрэчы ўдзельнікі сходу прынялі рашэньне стварыць у горадзе аб'яднаную кааліцыю дэмакратычных сіл і абраць яе кіраўніцтва.
Уладзімер Бяляўскі