Серада, 03 Май 2017

Віцебчукі просяць старшыню аблвыканкаму дазволіць паставіць крыжы ў Хайсах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску зьбіраюць подпісы пад зваротам на імя старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва. Месьцічы просяць губэрнатара дазволіць усталяваць сьвяты крыж на месцы масавых пахаваньняў у лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Гэтае месца ў народзе называюць «віцебскімі Курапатамі».

У звароце, які распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках сябры ініцыятыўнай суполкі «Хайсы», адзначаецца, што некалькі гадоў таму ў гэтым лесе знайшлі чалавечыя парэшткі, якія праляжалі ў зямлі шмат гадоў. Частку іх вывезьлі для вывучэньня і перапахаваньня, але шматлікія парэшткі засталіся ляжаць у зямлі.

На думку месьцічаў, усталяваньне крыжа на гэтым месцы дасьць магчымасьць усім ахвотным рабіць тут памінальныя малітвы: «Незалежна ад таго, якімі будуць далейшыя захады ўпаўнаважаных органаў у дачыненьні да парэшткаў (эксгумацыя з наступным перапахаваньнем альбо кансэрвацыя і арганізацыя ўрочышча), гэтае месца заслугоўвае адпаведнага стаўленьня з боку нашчадкаў, суайчыньнікаў і дзяржавы, каб кожны, хто наведвае гэтае месца, мог, схіліўшы галаву, ушанаваць памяць сваіх продкаў, сваю гісторыю. Малітва за душы людзей, якія знайшлі свой прыстанак у лясной глушы ўдалечыні ад цьвінтароў, - тое нямногае, што мы, як нашчадкі, можам і павінны зрабіць проста зараз дзеля захаваньня памяці».

Акрамя таго, у звароце адзначаецца, што ўсталяваньне крыжа дапаможа ахаваць гэтае месца ад актаў вандалізму і замахаў «чорных капальнікаў».

tut.by