Памкненьні грамадзкасьці ўшанаваць месца чалавечых пакутаў пад Віцебскам цалкам зразумелае і натуральнае. А вось рэакцыю абласной улады, ад якой залежыць, ці атрымаюць грамадзяне дазвол на ўсталяваньне крыжа, прадказаць адназначна не выпадае.
У сваім звароце грамадзяне зьвяртаюць увагу абласнога кіраўніцтва на тое, што ўсталяваньне крыжа дасьць магчымасьць зьдзяйсьняць малебны за душы нябожчыкаў па хрысьціянскіх канонах. На іх думку, малітва – гэта тое нямногае, што нашчадкі мусяць зрабіць дзеля захаваньня памяці пра нашых суайчыньнікаў. Да таго ж усталяваньне крыжа, як мяркуюць ініцыятары, у нейкай ступені дапаможа зьберагчы месцы пахаваньняў ад чарговых замераў вандалаў.
Што трэба адзначыць, збор подпісаў пад такім зваротам мае шэраг спэцыфічных рысаў. Ня кожны дзень даводзіцца вяскоўцам сутыкацца з падобнай ініцыятывай, таму ёсьць насьцярожанасьць зь іх боку. Жывучы ва ўмовах татальнай залежнасьці ад дзяржавы, людзі паводзяць сябе з асьцярогай, нібыта час не перамяніўся. Затое тыя грамадзяне, што ведаюць пра месца масавых расстрэлаў ад бацькоў, аднавяскоўцаў ці з уласнага досьведу, падпісваюцца з ахвотай і ўсьведамленьнем далучанасьці да важнай грамадзкай справы.
У такіх выпадках сустрэча не абмяжоўваецца толькі ўласнаручным подпісам: зборшчыку даводзіцца выслухоўваць прыватную гісторыю пра расстрэлы ў хайсоўскім лесе. І пакуль вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну шукаюць у разрабаваных магілах канкрэтныя дакумэнтальныя рэчы, якія б дакладна ўказалі на іх часавую прыналежнасьць, каля трыццаці мясцовых жыхароў перакананыя, што людзей забілі падчас даваенных сталінскіх рэпрэсіяў. Сярод тых, хто ўжо падпісаўся, грамадзяне ад 45-гадовага да 89-гадовага ўзросту.
«Подпісаў за гэты час можна было назьбіраць і болей, але ж трэба пагутарыць зь людзьмі, выслухаць іхнае стаўленьне да ініцыятывы, пачуць іхны асабісты расповед пра тое, калі і ад каго яны даведаліся пра зьнішчэньне рэпрэсаваных у лесе за Хайсамі. Што прыемна, людзі не адмаўляюцца падпісвацца нават тады, калі ты іх засьпеў за працай, дзе-небудзь на агародзе. Мы хочам, каб крыж той быў асьвечаны, каб сьвятары розных канфэсіяў маглі маліцца за душы ахвяраў. Ніякіх шыльдаў на крыж мацаваць мы не зьбіраемся. Для нас важна, каб можна было памаліцца, аддаць даніну павагі забітым грамадзянам. У тым выпадку, калі абласное кіраўніцтва не дазволіць нам усталяваць крыж, людзям будзе цяжка зразумець і тым больш прыняць такое рашэньне, бо ніякай палітычнай афарбоўкі рэлігійны сымбаль у сабе не нясе. А пакуль спадзяёмся на лепшае і зьбіраем подпісы», – распавёў зборшчык Ян Дзяржаўцаў.
Збор подпісаў пад зваротам да абласнога кіраўніцтва распачаты і ў Віцебску.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2285-za-dva-dni-gramadzki-aktyvist-sabrau-30-podpisau-pad-zvarotam-u-vitsebski-ablvykankam#sigProIdfc5466fb3f
С. Горкі