Паколькі нікога з гэтых паважаных людзей улады афіцыйна нікуды не запрашаюць, нават на ўрачыстасьці з нагоды чарговых угодкаў чарнобыльскай аварыі, фільм дасьць ліквідатарам магчымасьць выказацца – сказаць тое, што яны лічаць важным, папярэдзіць пра атамную небясьпеку. Гэты фільм, дадае спадарыня Алена, ствараецца журналістамі ў рэчышчы ініцыятывы БАЖ «Эстафэта добрых справаў» – рэгіянальныя філіі робяць нешта карыснае для сваіх землякоў.
Асноўным жа генэратарам ідэі фільму і галоўным аўтарам сцэнару стала Вікторыя Дашкевіч. У трыццатую гадавіну чарнобыльскай аварыі яна ўпершыню пабачылася з Анатолем Лявонавічам Гнеўкам. Праз год, падчас новай сустрэчы, насьпела думка пра неабходнасьць фіксацыі ўспамінаў ліквідатараў пра Чарнобыль і ягоныя наступствы.
Кажа Вікторыя Дашкевіч:
– З расповеду спадара Анатоля і спадара Сяргея мы даведаліся, што зараз іх ня модна запрашаць ані на афіцыйныя мерапрыемствы, прысьвечаныя Чарнобылю, ані ў школы, ані да помнікаў ліквідатарам. І зьвязана гэта з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы. Бо сваёй нязручнай праўдай яны могуць паўплываць на грамадзкае стаўленьне да гэтай дзяржаўнай авантуры. Ва ўмовах, калі рэактары падаюць і зносяць чыгуначныя слупы, іхная праўда для ўладаў стала б абсалютна недарэчнай.
Са сваёй праўдай яны засталіся сам-насам. Таму мы вырашылі зрабіць сваю справу як мага хутчэй, каб і яны пасьпелі паглядзець фільм, і каб нам пра іх засталася нейкая памяць. Хоць іх нікуды ня клічуць і не запрашаюць, памятаць ім ніхто забараніць ня можа. І мы мусім зрабіць, каб іхная памяць прыдалася на карысьць беларускаму народу, бо яны маюць калясальны досьвед барацьбы з радыяцыйнай небясьпекай. Сваім фільмам мы хочам сказаць, што гэты досьвед варта пераняць, бо новы Чарнобыль можа накрыць ужо ўсю Беларусь. Менавіта пра гэта казаў нам хімік Сяргей Іконьнікаў, які ня хоча, каб сёньняшнія беларусы апынуліся ў стане сьляпых кацянят, як некалі сталася зь імі.
Пасьля таго, як былі запісаныя ўспаміны, высьветлілася, што каб гэта ўсё глядзелася, патрэбны яшчэ нейкі відэашэраг, бо якімі б цікавымі расповеды ліквідатараў ні былі, глядзець іх тры гадзіны ніхто ня вытрымае. Тады й было вырашана зьняць для фільму нейкія гульнявыя моманты.
Наконт гэтага спадарыня Дашкевіч кажа:
– Мяркуем, што атрымаецца клясычная дакумэнтальная кінастужка хвілінаў на дваццаць. Атрымаецца гэткі мікс з мастацкай рэканструкцыі і ўспамінаў людзей, якія бралі ўдзел у падзеях, пра якія распавядаецца. Я мяркую, нашым героям будзе вельмі цікава пабачыць сучасных маладых людзей, якія паспрабавалі пераўвасобіцца ў іх вобразы. Гэта як своеасаблівае падарожжа ў маладосьць.
Актораў для гульнявых відэаздымак выбіралі з кола сваіх знаёмых – з абавязковай умовай зьнешняга падабенства.
– Пра Ігара Мацьвеева ў вобразе Анатоля Гнеўкі падумалі адразу, бо існуе вонкавае падабенства. Баяліся, што ён не пагодзіцца, але пытаньняў не паўстала. Дзеля фільму ён пагадзіўся нават пагаліцца. І пагаліўся.
З кандыдатам на ролю Сяргея Іконьнікава было больш складана. Першапачаткова быў абраны кандыдат зь Менску. Але ён меў мала магчымасьцяў прыехаць, таму вырашылі пашукаць зь мясцовых. Алега Квяцінскага выбралі абсалютна выпадкова з кола сяброў у фэйсбуку. Ён заявіў, што для яго гэта цікава.
Людзей для масоўкі набралі са сваякоў і сваёй журналісцкай братыі. Таксама адразу пагадзіўся на ўдзел і апэратар Вячаслаў Уген. А, даведаўшыся, пра што гэты праект, ён быў згодны рабіць усё, на што здатны, ажно да здымак мастацкай стужкі. Наогул чалавек ён вельмі творчы.
Так сталася, што хоць праект валянтэрскі і за ўдзел у ім ня будзе грошай, ані славы, людзі ўсё адно загарэліся, згуртаваліся вакол ідэі фільму. Як кажа Вікторыя Дашкевіч, утварыўся вельмі творчы калектыў, гатовы і здымацца, і канапу рухаць, і асьвятляльную лямпу трымаць, калі трэба. Калі людзі разумеюць, што яны робяць патрэбную справу, гэта натхняе. Бо небясьпека праз АЭС у Астраўцы, нягледзячы на ўсе запэўніваньні чыноўнікаў, захоўваецца.
На цяперашні момант фільм засталося толькі змантажаваць і агучыць.
Назву фільму пакуль не прыдумалі. Вырашалі спачатку давесьці справу да лягічнага канца, а потым, як той казаў, паглядзець куды крывая выведзе....
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2369-vitsebskiya-zhurnalisty-na-valyanterskikh-asnovakh-zdymayuts-stuzhku-pra-charnobyltsau-likvidatarau#sigProIdc1983d525f
С. Горкі