На сустрэчы Генадзь Сабыніч паведаміў, што на правядзеньне неабходных работ ужо выдзелена трыццаць тысячаў рублёў. Найперш на водазабесьпячэньне вуліцы Партызанскай. Паводле словаў раённага кіраўніка, зараз ідзе падрыхтоўка неабходнай дакумэнтацыі, і работы мусяць распачацца цягам тыдня. Акрамя таго, райвыканкам напісаў у аблвыканкам хадайніцтва пра выдзяленьне дадатковых сродкаў для завяршэньня поўнага водазабесьпячэньня вёскі да канца бягучага году.
Са свайго боку вяскоўцы, зацікаўленыя ў найхутчэйшым вырашэньні праблемы, гатовыя падтрымаць намаганьні раённай улады і мяркуюць ад свайго імя таксама напісаць зварот у аблвыканкам пра выдзяленьне грашовых сродкаў, якіх не хапае. І хаця ў тое, што такія сродкі будуць выдзеленыя, верыцца слаба, але вяскоўцы не губляюць надзеі.
Кіраўнік раённай вэртыкалі падзякаваў вяскоўцам за актыўную грамадзянскую пазыцыю, маючы на ўвазе іхны нядаўні зварот. У звароце грамадзяне прасілі паінфармаваць іх, на якой стадыі знаходзіцца распрацоўка праекту водазабесьпячэньня ў Суйкаве, якія работы будуць праводзіцца, колькі сродкаў выдзелена, і назваць канкрэтныя тэрміны рэалізацыі гэтага праекту.
Пасьля абмеркаваньня асноўнага пытаньня Алена Янушкоўская закранула і некалькі іншых надзённых праблемаў: адсутнасьць сьметніц, занядбанасьць каналізацыйных калодзежаў, неўладкаванасьць часткі вясковых дарог. Узьняла актывістка і праблему беспрацоўя на вёсцы, якая абвастрылася праз банкруцтва КУСГП «Пестуніца». Старшыня райвыканкаму параіў вяскоўцам шукаць працу ў абласным цэнтры, на што спадарыня Алена зазначыла, што і ў горадзе адчуваецца брак працоўных месцаў.
Алена Янушкоўская мяркуе, што ў цэлым размова была прадукцыўнайю Як той казаў, бязь лішніх словаў.
Ужо пры канцы гутаркі з нашым карэспандэнтам грамадзкая актывістка паведаміла, што днямі аналягічная праблема ўзьнікла і ў жыхароў вёскі Тапорына, дзе ад воданапорнай вежы адлучылі калёнкі, і вяскоўцы цяпер вымушаныя самастойна шукаць іншыя магчымасьці ўласнага водазабесьпячэньня.
С. Горкі