Аднак вярнуць знак памяці на сваё месца за два тыдні супрацоўнікі ЖКГ так і не парупіліся. Затое прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» адгукнуліся адразу і разам з жыхарамi вёскі 29 сьнежня, на другі дзень, як стала вядома пра здарэньне, нанова паставілі крыж там, дзе ён адстаяў ужо два гады.
Хрысьціянскі сымбаль, які ўжо пасьпеў добра прыжыцца ў сьвядомасьці вяскоўцаў, быў усталяваны сябрамі грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» ў сьнежні 2015 году ва ўшанаваньне памяці расстраляных акупантамі савецкіх грамадзянаў.
Здарэньне, на першы погляд, можа падацца нязначным, і яго, мабыць, можна патлумачыць нядбаласьцю выканаўцаў. Але ў зьвязку з агульным стаўленьнем уладаў Віцебскага раёну да дзейнасьці грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» зробленае ЖХГ успрымаецца зусім у іншым сьвятле.
На пачатку сьнежня з зачыну кіраўніцы аддзелу ЖКГ Віцебскага раёну Кацярыны Воінавай, якая дакумэнтальна зафіксавала факт парушэньня кіраўніком ініцыятывы Янам Дзяржаўцавым артыкулу 23.43 КаАП (парушэньне правілаў пахаваньня), распачаўся адміністрацыйны працэс. У выніку 20 сьнежня раённы суд аштрафаваў Дзяржаўцава на 115 беларускіх рублёў. Актывіста, дзякуючы якому шырокая грамадзкасьць даведалася пра тры месцы пахаваньняў рэпрэсаваных у ваколіцах Віцебску і месца пахаваньня савецкіх грамадзянаў за часамі вайны ля могілак у вёсцы Бараўляны, аддзячылі немалым штрафам.
Мы папрасілі пракамэнтаваць спадара Дзяржаўцава выпадак з дэмантажом:
– Пазыцыю постсавецкай улады, якая ня хоча прызнаваць знойдзеныя ля Хайсоў парэшткі пахаваньнямі грамадзянаў, рэпрэсаваных за часамі Сталіна, не зразумее ніводзін нармальны чалавек. Але ж выпадак з дэмантажом крыжа яшчэ больш кампрамэтуе тутэйшую ўладу, бо, выходзіць, для яе настолькі ж неістотнай зьяўляецца і памяць пра тых, хто склаў свае галовы за вызваленьне Бацькаўшчыны ад захопнікаў. За столькі гадоў яны не парупіліся пра тое, каб былі праведзеныя неабходныя раскопкі і пастаўлены хаця б невялікі абэліск. Мясцовыя жыхаркі Лідзія Сухадольская і Пелагея Мамонава, сьведкі тых падзеяў, распавядалі, што за часамі акупацыі тут было не адно пахаваньне, а цераз дарогу ў мясцовым возеры немцы нават тапілі габрэяў. Падаецца, уладам абыякавае мінулае і людзі, забітыя як камуністамі, так і фашыстамі. Мы ж ня робім розьніцы паміж ахвярамі двух таталітарных рэжымаў і паказваем гэта сваімі ўчынкамі. Спадзяюся, час расставіць усё на свае месцы.
Нагадаем нашым чытачам, што 21 сьнежня, на другі дзень пасьля адміністрацыйнага пакараньня, якое атрымаў Ян Дзяржаўцаў, ініцыятыва «Хайсы» стала ляўрэатам дзявятай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» ў намінацыі «Новая ініцыятыва». Гэткім чынам, у адрозьненьне ад мясцовых уладаў Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, якая заснавала прэмію, заўважыла і годна ацаніла дзейнасьць грамадзкай ініцыятывы і яе кіраўніка.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2616-kryzh-va-ushanavanne-pamyatsi-akhvyarau-natsyzmu-zrushyli-vandaly-ne-zhkg#sigProId377fe726b8
С. Горкі