Паводле спадара Смолікава, падставай для лістоў стаў фармальны падыходаў спэцслужбаў да зваротаў актывістаў што да высьвятленьня праўды пра палітычныя рэпрэсіі на Віцебшчыне.
У той час як прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці вобласьці апякуюцца месцамі пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (ля вёсак Хайсы, Паляі, у Цёплым лесе, пад Полацкам ды Воршай), а таксама па драбніцах зьбіраюць інфармацыю пра падзеі мінулага, УКДБ па Віцебскай вобласьці ў межах сваёй кампэтэнцыі аніяк не спрыяе высьвятленьню акалічнасьцяў тагачаснай гісторыі. Таму Кастусь Смолікаў просіць пра асабістую сустрэчу зь нядаўна прызначаным кіраўніком гэтага ведамства.
Партыйны актывіст разьлічавае даведацца ад абласнога начальніка дзяржбясьпекі пра наяўнасьць у спэцархівах асабістых справаў ахвяраў рэпрэсіяў 1918 – 1953 гг., наяўнасьць унутранай дакумэнтацыі за 1936 – 1941 гг. ды пра ўмовы допуску да азнаямленьня з архіўнымі справамі.
У лісьце, дасланым на адрас начальніка СІЗА №2, Кастусь Смолікаў адзначае, што ахвяраў палітычных рэпрэсіяў утрымлівалі ў камэрах віцебскай гарадзкой турмы (цяпер СІЗА) і адтуль жа выводзілі ў апошні шлях. Ён хоча даведацца, як кіраўніцтва сьледчага ізалятару ставіцца да грамадзкай ініцыятывы ўсталяваць памятную шыльду і просіць падтрымаць прапанову грамадзкасьці перад гарадзкімі ўладамі.
Кажа Кастусь Смолікаў:
– Тыдзень таму я ўжо наведаў УКДБ па Віцебскай вобласьці і запісаўся на прыём сам ды запісаў яшчэ траіх сябраў ініцыятывы. Дзеля таго, каб размова была больш прадметнай, мне было прапанавана папярэдне напісаць пытаньні, якія сябры ініцыятывы «Хайсы» мяркуюць абмеркаваць падчас сустрэчы. Таму ў гэтым лісьце я і пералічыў тыя пытаньні, якія нас найбольш цікавяць.
Вялікіх спадзяваньняў на сустрэчу мы не ўскладаем, але хацелі б большай актыўнасьці ў архіўных справах КДБ, якія ўтрымліваюць шмат важнай інфармацыі. Мы будзем ініцыяваць прапанову, каб ня толькі родныя, гісторыкі, але і прадстаўнікі грамадзкасьці, актыўныя асобы мелі магчымасьць шырэйшага допуску да працы ў архівах.
Што тычыцца ўсталяваньня памятнай шыльды на турэмным муры, то трэба спачатку дачакацца адказу. Патрэбная згода і кіраўніцтва спэцустановы, і гарадзкіх уладаў на разьмяшчэньне малой архітэктурнай формы.
С. Горкі