На пачатку імпрэзы, якая адбывалася ў Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы, быў зладжаны круглы стол “Умацаваньне разьвіцьця супольнасьцяў праз грамадзянскую адукацыю”. Старшыня Хрысьціянскай супольнасьці дарослых і маладых YMCA-Віцебск Яўгенія Пачэпка прэзэнтавала вынікі дасьледаваньняў “Патрэбы маладых людзей у сфэры грамадзянскай адукацыі”, а таксама распрацаваную паводле вынікаў адукацыйную праграму “Го!рад” (будзе рэалізаваная ў 2019 годзе).
Яўгенія Пачэпка прэзэнтуе вынікі дасьледаваньня
Патрэбы моладзі. Некалькі фактаў з дасьледаваньня
- 27% рэспандэнтаў адказалі, што бяруць удзел у жыцьці гораду.
- Самы часты адказ на пытаньне “Як вы праяўляеце сваю актыўнасьць?” – гэта “Чытаю навіны з розных крыніцаў (каля 60%). Радзей апытаныя ўзгадвалі анлайн-пэтыцыі і ўдзел у грамадзкіх аб’яднаньнях.
- На пытаньне “Імпрэзаў у якіх сфэрах бракуе ў горадзе?” большасьць назвала сфэру культуры. Далей ідуць сфэры дадатковай адукацыі і экалёгіі.
- Паводле дасьледаваньня, найбольш перашкаджае моладзі актыўна ўдзельнічаць у жыцьці гораду адсутнасьць каманды. Далей называюць адсутнасьць ведаў і кампэтэнцыі, а таксама – недахоп часу і няверу, што можна штосьці зьмяніць. У адказах таксама – страх ды адсутнасьць матэрыяльнай карысьці.
- Якіх ведаў, уменьняў і навыкаў найбольш не хапае? Самы часты адказ: ведаў пра наладжваньне партнэрскіх стасункаў, у тым ліку з дзяржструктурамі.
- Найбольш цікавымі формамі адукацыі для апытаных зьяўляюцца інтэрактыўныя фарматы: трэнінгі, сэмінары, мітапы і воркшопы.
Дыскусія “Гарадзкі актывізм і адукацыя”
У дыскусіі пра гарадзкі актывізм, якая праходзіла ў фармаце ток-шоў, меўся ўзяць удзел у якасьці сьпікера намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын, але, на жаль, не прыйшоў. Што праўда, прычына адсутнасьці паважная: у віцэ-мэра днямі нарадзіўся сын. Безь яго безумоўным хэдлайнэрам дыскусіі выглядаў вядомы менскі актывіст Антон Матолька.
Антон Матолька
А кампанію сьпікераў склалі яму Яўгенія Пачэпка і кіраўнічка прасторы Vitebsk4me Вольга Бізікава. Мадэратарам выступіў Уладзімер Булаўскі – каардынатар грамадзкай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая спрычынілася да арганізацыі дыскусіі.
Яўгенія Пачэпка, Вольга Бізікава і Антон Пачэпка
Прапануем толькі некаторыя цікавыя моманты размовы.
“Тое, што для цябе – праблема, для многіх не праблема”
“Ты мусіш быць заўсёды ўпэўнены і падмацаваны ведамі. Але пераважная большасьць можа не прымаць тваё бачаньне. І тады зьяўляецца яшчэ вельмі важны і складаны этап – праінфармаваць людзей, у чым жа сутнасьць праблемы. Таму што тое, што для цябе праблема, – для многіх не праблема. З гэтым сутыкаюся пастаянна…” (Антон Матолька)
“Вы не грамадзкі актывіст!..”
“Але вы кажаце пра грамадзкую дзейнасьць і не кажаце пра тое, што чалавек мае грамадзянскія правы. Вы сацыяльны актывіст, а не грамадзкі! Проста хочаце ад прыватнага падняцца да агульнага. А я думаю, што трэба інакш: ад агульнага – да адзінкавага. І ўсе вашы аргумэнты застаюцца на ўзроўні аргумэнтаў. Без абагульненьняў. Я зрабіў тое, зрабіў гэта – а што ў цэлым?..” (праваабаронца Леанід Сьвецік – Матольку)
“Проста, на жаль, калі ісьці ад агульнага да адзінкавага, то выніку часьцей за ўсё ня ўбачу. А вось калі ад больш дробнага – якраз-такі атрымліваецца” (Матолька).
“Для народа слова “піярыцца” – мацюкальнае”
“Калі толькі пачынаў актыўнасьць, то ведаеце, што пра мяне заявілі? “Ён піярыцца, потым на выбары пойдзе!” Для народа слова “піярыцца” мацюкальнае. Людзі не разумеюць, што можна хоць нешта рабіць для пачатку, уплываць хоць такім чынам. І гэта нармальна. То бок можна ўплываць, не імкнучыся стаць дэпутатам, не імкнучыся трапіць у парлямэнт ці кудысь вышэй, каб потым сесьці за хабар ці перавышэньне паўнамоцтваў…” (Матолька)
“Чаму тут сёньня ня так шмат людзей?..”
“Чаму мы зараз гаворым пра адукацыю? Мы ня можам разьдзяляць адукацыю грамадзянскую, дзяржаўную, экалягічную. Бо калі ў цябе, у прынцыпе, ёсьць культура адукацыі, ты прыходзіш да таго, што проста мусіш быць актыўным.
Таму што калі ня можам паўплываць на нейкія вялікія працэсы, трэба пачынаць з малога. І каб астатнія людзі разумелі на гэтым прыкладзе, што штосьці вырашаць можна і трэба…
Чаму ў нас сёньня ня так шмат людзей? Бо ня так шмат людзей задаюцца гэтымі пытаньнямі ў прынцыпе”. (удзельніца)
“ОГО”: “Людзі не разумеюць, як працуе ўлада”
“Мы ўжо месяц таму запусьцілі новы праект “ОГО” па грамадзянскай адукацыі. У тым жа фармаце, што і “Наука вне себя”, – простыя лекцыі простай мовай. І ў плянах – запрашаць мясцовых чыноўнікаў, каб яны расказвалі простым людзям, чым яны займаюцца і як зь імі можна ўзаемадзейнічаць.
Бо людзі не разумеюць, як працуе ўлада, хто такія дэпутаты, і навошта гэта ўсё патрэбна. І добрая ідэя – заклікаць на сустрэчы каго-небудзь зь мясцовых дэпутатаў”. (Яўгенія Пачэпка)
“Рабіць лепей для сябе”
“На мой погляд, актыўнасьць – гарадзкая, сацыяльная, палітычная, любыя яе формы – перш за ўсё накіраваная на тое, каб зрабіць лепей для сябе. А калі робіш лепей для сябе, то паляпшаеш навакольле для ўсіх.
Уладзімер Булаўскі
І чым больш тых людзей, якія будуць разам з табою паляпшаць гэтае навакольле, тым шырэйшая будзе вобласьць зьменаў да лепшага”. (Уладзімер Булаўскі)
Зьміцер Міраш