Пятніца, 28 Снежань 2018

Аўтар ідэі альтэрнатыўнага гарсавету: Віцебск – горад мёртвых

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Генадзь Муратаў Генадзь Муратаў

Віцябчук Генадзь Муратаў апублікаваў у сацыяльнай суполцы «Вольны Віцебск» матывацыйны допіс, у якім прапанаваў жыхарам гораду абмеркаваць ідэю стварэньня ў Віцебску «альтэрнатыўнага незалежнага гарсавету».

Допіс, разьмешчаны ў інтэрнэце 9 сьнежня, узьняў важныя аспэкты грамадзкай актыўнасьці і быў заўважаны неабыякавымі месьцічамі, хаця набраў усяго 27 лайкаў, 2 перапосты і 6 камэнтароў. ВВ сустрэлася з аўтарам цікавай прапановы, каб даведацца пра яе далейшы лёс.

Зь меркаваньня спадара Муратава, выказанага ў сеціве, гарадзкое грамадзкае аб'яднаньне мусіла б удзельнічаць у абмеркаваньні важных тэм гарадзкога жыцьця, спрыяць больш эфэктыўнаму вырашэньню органамі ўлады мясцовых праблемаў і на справе, а не на старонках сацыяльных сетак даказваць любоў да роднага гораду. Жаданьне, безумоўна, высакароднае, але наколькі яно можа быць рэалізаванае у цяперашніх умовах?

Спадар Генадзь, першае пытаньне тычыцца Вашай асобы. Многія ў горадзе ведаюць Вас, але хацелася б, каб Вы некалькі слоў сказалі пра сябе для больш шырокай аўдыторыі.

Я – карэнны віцяблянін, неабыякавы да лёсу свайго гораду. У 1999-2000-х гадох быў старшынём і гарадзкой, і абласной арганізацыі АГП. Выйшаў з партыі праз прынцыповыя разыходжаньні, бо ва ўсіх справах для мяне найгалоўнейшым паказчыкам заўжды быў вынік, а не працэс. Займацца працэсам для мяне не цікава. Браў удзел у мясцовых ды парлямэнцкіх выбарах, пасьля чаго грамадзка-палітычную дзейнасьць спыніў. Працаваў на пасадах дырэктара і намесьніка дырэктара прыватных фірмаў. Працоўная біяграфія скончылася два гады таму, паколькі спатрэбілася даглядаць састарэлую маці.

Лёс Віцебску хваляваў заўжды, некаторыя моманты з таго, што адбывалася ў горадзе, даводзілі да шаленства. Асабліва кранаў той жах, які ўлады ўтварылі з плошчай Перамогі.

У свой час па гэтай плошчы, жывучы побач, хадзіў зь невыказнай уцехай. Ідучы на вуліцу Леніна, даводзілася штодзень перасякаць яе накась. Аднойчы злавіў сябе на тым, што іду подскакам. Я, немалады ўжо чалавек, паводжу сябе, як дзіцёнак, але не таму што ў мяне ўнутры быў ад нечага такі ўзьняты настрой, а таму што навакол добра.

Аднойчы бачыў, як Косінец [Аляксандар Косінец – былы старшыня Віцебскага аблвыканкаму. – рэд.], стоячы яшчэ на старой плошчы, махаў рукамі перад Нікалайкіным [Віктар Нікалайкін – старшыня Віцебскага гарвыканкаму. – рэд.] і Дубікам [Віталь Дубік – колішні галоўны архітэктар Віцебску. – рэд.]. Шырока гэтак махаў: туды-сюды, уздоўж і ўпоперак, а тыя толькі стаялі і ківалі, ківалі, ківалі. Абласны галава будаваў уяўны плян перабудовы, а падначаленыя моўчкі пагаджаліся.

Бачыў, як пераўтварылі ціхую прыгажосьць у сёньняшнюю бэтонную пустку Перамогі. Цяпер, калі трэба ісьці ранейшым шляхам, плошчу абыходжу. Абстаноўка на ёй прыгнечаная да такой ступені, што проста жудасна. Добрая душа той былой плошчы, якая прыкрывала ранейшыя клады, зьнікла, пераўтварыўшыся ў суцэльныя могілкі.

Калі ласка, патлумачце, што падштурхнула Вас зьвярнуцца да грамадзкасьці гораду з прапановай стварыць альтэрнатыўны незалежны гарсавет?

Апошнім часам мяне стаў хваляваць той момант, што гарадзкія ўлады згубілі ўсялякі страх. Яны твораць усё, што хочуць, пляжаць горад на свой вычварэнчы густ, і спасу ад гэтага няма ніякага. Але паколькі я ведаю, што у горадзе ўсё яшчэ жывуць неабыякавыя людзі, у мяне сасьпела думка, што вось так – паасобку ці недзе ў Фэйсбуку – мы ня ў стане ўплываць на няўзважаныя рашэньні ўладаў. І паколькі для мяне вынік – гэта ўсё, а працэс – нішто, ды з улікам таго, што ў сваіх прыватных справах я неяк уплываў на гарадзкія ўлады, то і выказаўся пра неабходнасьць стварэньня грамадзкага аб'яднаньня.

Па вялікім рахунку, без грамадзкага ўплыву на рашэньні гарадзкіх уладаў Віцебск уяўляе сабой горад мёртвых. Ні працы, ні актыўнасьці, суцэльная грамадзкая абыякавасьць. Віцебск і ў ранейшыя часы быў самым савецкім горадам, дый цяпер дух ягоны не зьмяніўся. Як паводзілі сябе людзі па-савецку, так і паводзяць. Праўда, савецкая ўлада хаця б крыху прыслухоўвалася да голасу народу. Сёньняшняя ж улада страх згубіла абсалютна. Але ж Віцебск – наш горад, і ён мусіць стаць горадам для людзей, а не для ўладных мерапрыемстваў.

Вось я і падумаў, а чаму б не абмеркаваць гэтую праблему на старонках Фэйсбуку, дзе практычна кожны дзень дзясяткі грамадзянаў выказваюць свае абурэньні з нагоды няўдалага вырашэньня гарадзкіх пытаньняў. Так, у горадзе ёсьць неабыякавыя людзі, але праблема ў тым, што сваю энэргію яны скідваюць у камэнтарах, і на гэтым усё заканчваецца. Мая ініцыятыва заключалася ня ў тым, каб узяць і стварыць гэтае гарадзкое грамадзкае аб'яднаньне, якое мае ўсе магчымасьці быць, а хаця б пабачыць, ці ёсьць у горадзе нехта жывы, або мы жывём на могілках.

Сваю прапанову я выклаў адразу пасьля грамадзкага абмеркаваньня адносна ацэнкі ўзьдзеяньня праекту пабудовы Палацу ўрачыстых абрадаў на навакольнае асяродзьдзе. Мне падалося, што на сходзе прысутнічала чалавек пяцьдзясят актыўных грамадзянаў. Гэта мяне абнадзеіла.

Перш як прапанаваць гэтае аб'яднаньне, я завітаў ва ўпраўленьне юстыцыі і пацікавіўся, ці існуе ў нас нейкае грамадзкае аб'яднаньне, якое займалася б пошукам спосабаў вырашэньня гарадзкіх праблемаў. Высьветлілася, што такіх аб'яднаньняў няма. З другога боку, я ведаю, што ў горадзе існуе не адзін дзясятак грамадзкіх арганізацыяў, якія нібыта займаюцца гарадзкімі праблемамі, але насамрэч сядзяць на грантах і вырашаюць нейкія дробныя, імі ж выдуманыя задачы.

Як я разумею, гэткім чынам адбываецца каналізацыя грамадзкай энэргіі ў пустыя праекты. Улада зрабіла народ абсалютна абыякавым. Людзі разумеюць, што дзейнічаць бессэнсоўна, паколькі ў прадстаўнічыя органы ты ня трапіш, бо выбараў няма. І ніякіх вагаў уплыву на ўладу не існуе. Ёсьць нейкая прыватная актыўнасьць, ці актыўнасьць у межах нейкай праектнай дзейнасьці. Там мы актыўныя. Акрамя таго, я абсалютна перакананы, што некаторыя палітычныя і грамадзкія арганізацыі існуюць выключна дзеля таго, каб уціхамірваць грамадзянскую актыўнасьць. Баюся, што найбліжэйшым часам пераламіць гэтую сытуацыю не атрымаецца.

Вельмі баюся я і ўладнай актыўнасьці ў часе падрыхтоўкі да Дажынак -2020. Уладзе трэба будзе нешта паказаць. А паколькі з інтэлектам, часам і сродкамі ў іх цяжкавата, могуць паўстаць самыя неверагодныя праекты. Ізноў парубяць дрэвы, ізноў зьявяцца квадратныя кілямэтры бэтоннай пліткі, балюстрады з паліраванага граніту, фантаны, істуканы... Самае прыкрае, што многіх людзей іхная дзейнасьць задавальняе: «Хоць нешта робіцца ў Віцебску!» Але ж, відавочна, што пераважная колькасьць людзей ня мае густу і не валодае дызайнерскім бачаньнем. І, самае галоўнае, яны чамусьці ня думаюць, што гэта робіцца за іхныя грошы.

Падзяліцеся, калі ласка, тымі высновамі, якія Вы зрабілі пасьля рэакцыі грамадзкасьці на Вашую ініцыятыву?

Як вы пабачылі, допіс атрымаў 28 лайкаў і 6 камэнтароў, у адным зь якіх камэнтатар даводзіў, што любыя дзеяньні бессэнсоўныя. Рэакцыя пераканала мяне ў тым, што насамрэч усё вельмі тухла. Быў усяго адзін званок. Мне патэлефанавалі актыўныя жанчыны з БХД, якія падтрымалі ідэю, але ж гэтага недастаткова. Рэч у тым, што ўлады рэагуюць толькі на масавыя выступы. Неабходная нейкая маса актыўных грамадзянаў. Для пачатку – хаця б некалькі дзясяткаў дзейных асобаў. Не проста тых, якія спачуваюць, а менавіта актыўных. Да іх у наступным далучыліся б і тыя, хто спачувае. Толькі тады ёсьць спадзеў на тое, што ў нас нешта атрымаецца. Калі ж нас пяць, шэсьць – васямнаццаць чалавек, тады гэта, прабачце мяне, – шоргат гарэхаў. Балбатаць усе гатовыя, камэнтаваць таксама, усе ведаюць, як трэба было зрабіць, але толькі як дойдзе да справы, кажуць: «У нас няма часу, няма жаданьня...»

За гэтыя дні я пераканаўся, што Віцебск – мёртвы горад. Нізкую моладзевую актыўнасьць я яшчэ магу патлумачыць. У мяне ёсьць думка, што моладзь неактыўная таму, што яна не зьбіраецца жыць у гэтым горадзе. Яна мяркуе зьехаць у Менск, у Маскву, у Варшаву, у Прагу ці яшчэ куды-небудзь.

Тая ж частка сёньняшняй моладзі, якая праяўляе пэўную актыўнасьць, перакананая ў моцы інтэрнэту. Зь іх перакананьня, выкладзены пост, які атрымлівае найбольшую колькасьць лайкаў, і ёсьць тая «дзьвіжуха», якая зьменіць сьвет. Яны перакананыя, што калі кожны на сваім месцы будзе рабіць сваю малую справу і посьціць пра гэта ў сацыяльных сетках, то тады мы дасягнём станоўчых зрухаў. А між іншым, можна няўзброеным вокам заўважыць, што нейкае пасрэднае паведамленьне, якое насамрэч ні пра што, можа лёгка набраць сотні лайкаў, а нешта сур'ёзнае – 20-30. І ўсё на гэтым.

Патлумачце, якой вы бачыце грамадзкую арганізацыю пры ўмове яе стварэньня?

У такога грамадзкага аб'яднаньня мусіць быць юрыдычны адрас, а ягоны офіс павінен знаходзіцца ў цэнтры гораду, каб кожны гараджанін ведаў, куды можна зьвярнуцца з прапановамі. Тое, што я там у двукосьсях напісаў «альтэрнатыўны народны гарсавет» – гэта для большага ўспрыманьня і разуменьня сутнасьці арганізацыі, якую прапаноўваецца стварыць. Ізноў жа, калі такое аб'яднаньне зьбіраецца крытыкаваць і пратэставаць, то, натуральна, яно нікому непатрэбнае, у тым ліку і мне. Мусяць быць адпаведныя дзеяньні. У іншым выпадку – усё бессэнсоўна.

У аб'яднаньні мусяць быць кваліфікаваныя адмыслоўцы, якія будуць падказваць уладам, як зрабіць правільна, як зрабіць найлепей. Мусяць быць з боку аб'яднаньня і прыклады валянтэрскай актыўнасьці па добраўпарадкаваньні Віцебску, што сьведчыла б і пра нашыя магчымасьці, і пра шчырыя намеры быць карыснымі роднаму гораду.

Многія актывісты скардзяцца, што ўлады на іхныя звароты дасылаюць адпіскі і не даюць адказаў па-сутнасьці. Так, яны адпісваюцца, бо зварот быў ад аднаго грамадзяніна ці невялікай групы, але не ад гарадзкіх масаў. Я ж ведаю адно, што на грамадзкі зварот, падпісаны некалькімі тысячамі гараджанаў, улада будзе рэагаваць стоадсоткава. Улада мусіць адчуваць, што ёсьць пэўная маса людзей, зацікаўленая ў вырашэньні тых ці іншых гарадзкіх праблемаў.

Я, вядома, магу гэтую справу ўзяць у свае рукі, але трэба разумець, што толькі попыт нараджае прапанову, але ж попыту ў людзей на актыўную дзейнасьць пакуль няма. Здзіўляе мяне і той момант, што на прапанову амаль не адгукнуліся ані прадстаўнікі партыяў, ані сябры грамадзкіх аб'яднаньняў. На іхным месцы я б ухапіўся за гэтую ідэю, бо з дапамогай аб'яднаньня зьявілася б магчымасьць кансалідаваць усе здаровыя сілы дзеля таго, каб Віцебск стаў горадам для людзей.

С. Горкі