Жывыя канфэрэнцыі ТЕDx прапануюць відэатрансьляцыі, запісы выступаў, перакладзеныя больш як на 100 моваў, адукацыйныя лекцыі выкладчыкаў ВНУ, інкубатар ідэяў, а таксама шмат цікавых праектаў і ініцыятываў, якія выкарыстоўваюць сілу ідэі.
Канфэрэнцыю ў Віцебску наведалі каля ста чалавек. У асноўным гэта былі навучэнцы і студэнты навучальных установаў абласнога цэнтру.
Наведвальнікі канфэрэнцыі ўбачылі і пачулі дзесяць кароткіх выступаў сьпікераў – адмыслоўцаў у розных абласьцях дзейнасьці чалавека. Гэта інфармацыйныя тэхналёгіі, юрыспрудэнцыя, урбаністыка, мастацтва, гісторыя, адукацыя, псыхалёгія і асабістае разьвіцьцё.
Прамаўляе Дзяніс Бярозка, старшы выкладчык катэдры грамадзянскага права і грамадзянскага працэсу, куратар юрыдычнай клінікі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Машэрава.
У ролі дакладчыкаў на канфэрэнцыі выступілі вядомыя ў Віцебску людзі, а таксама госьці зь беларускай сталіцы. Апроч слуханьня іх прамоваў, прысутныя змаглі атрымаць асалоду ад музыкі, паўдзельнічаць у розных віктарынах.
Асаблівую ўвагу наведвальнікаў імпрэзы прыцягнула стварэньне з дапамогай 3D-друкаркі розных вырабаў, у тым ліку сувэніраў і цацак. Гэтую частку праграмы забясьпечыла віцебская адукацыйная пляцоўка «Робавіта».
Прысутныя высока ацанілі якасьць выступаў запрошаных лектараў і добрую арганізацыю мерапрыемства з боку работнікаў і валянтэраў арт-прасторы VZAP.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/3073-pershaya-kanferentsyya-tedxvitebsk-yak-geta-bylo#sigProId83b6345d30
Л. Сьвецік