Наведвальнікі бібліятэкі па-рознаму рэагавалі на просьбу актывістаў паставіць свой подпіс у адпаведным блянку: хтосьці з задавальненьнем запаўняў патрэбныя радкі, а хтосьці, нават не выслухаўшы ды канца, пра што вядзецца, махаў рукамі і сьпешна ўцякаў. Было бачна, што багата грамадзян напалоханыя і ставіць подпісы пад любой ініцыятывай, якая не зыходзіць ад уладаў, асьцерагаюцца.
Але нічога радыкальнага і супрацьпраўнага ў тэксьце не зьмяшчаецца. Наадварот, усё вельмі карэктна і абгрунтавана. «Мы, жыхары Віцебску, канстатуем, што імя У. І. Леніна, якое носіць галоўная ўстанова культуры Віцебскай вобласьці, – абласная бібліятэка, не адпавядае часу, не зьяўляецца нацыянальна апраўданым і значным», – гаворыцца ў калектыўным звароце.
Як паведаміла Тацяна Севярынец, адна з ініцыятарак гэтай акцыі, зьбіраюць яны подпісы цалкам легальна – з дазволу адміністрацыі бібліятэкі. Больш таго, паводле яе, кіраўніцтва гэтай установы зусім ня супраць таго, каб бібліятэка была перайменаваная ў гонар вядомага беларускага пісьменьніка. А вось мясцовыя чыноўнікі абласной і гарадзкой адміністрацыяў катэгарычна супраць. Аб прычынах такой ўпартасьці мясцовых вэртыкальшчыкаў можна толькі здагадвацца – ці то яны зьяўляюцца прыхільнікамі камуністычных ідэалаў, ці проста не чыталі беларускай клясыкі.
Вось што распавяла спадарыня Тацяна:
– Я ведаю, што гэта ня першая такая спроба перайменаваць бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава. Больш годнага напаміну і ўшанаваньня ў Віцебску ня можа быць. Быкаў тут вучыўся ў мастацкай школе. І ёсьць, дзякуй Богу, шыльда. Зрабілі шыльду дзякуючы намаганьням ТБМ. Ёсьць барэльеф – мы заўсёды там зьбіраемся ў дзень народзінаў нашага земляка перад тым, як паехаць у Бычкі. Але ні вуліцы Быкава, ні бібліятэкі ў яго гонар няма. А ўсё ж такі я лічу, што Віцебск, як беларускі старажытны горад, павінен ушанаваць усіх таленавітых літаратараў і пісьменьнікаў – усіх тых, хто далі славу Беларусі. І менавіта Васіль Быкаў заслугоўвае як ніхто іншы, каб бібліятэка была ня Леніна, а ўсё-ткі імя Васіля Быкава.
Пасьля таго як будзе завершаны збор подпісаў, іх мяркуецца перадаць у Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і абласны савет дэпутатаў.
Уладзімер Бяляўскі