Каля падземнага пераходу на плошчы Перамогі сабралася некалькі дзясяткаў чалавек – сваякі асуджаных па арт. 328, грамадзкія і палітычныя актывісты, звычайныя жыхары. Некаторыя – з пэндзлямі і фарбай. Для “зачысткі” выбралі квадрат, які ўтвараюць праспэкты Чарняхоўскага, Маскоўскі, Будаўнікоў ды вуліца Чкалава. Тут разьмешчаныя тры школы, унівэрсытэт, некалькі студэнцкіх інтэрнатаў, так што наркаграфіцістам было дзе разгуляцца.
Удзельнікі акцыі падзяліліся на тры групы. Адны расклейвалі па пад'ездах улёткі аб небясьпецы, якую нясуць наркотыкі і наркакрамы. Другія раздавалі гэтыя ўлёткі мінакам. А адна з групаў адправілася зафарбоўваць наркарэкляму.
Паводле словаў адной з арганізатарак акцыі Натальлі Шарыпы, ідэяй правесьці “апэрацыю” на зьнішчэньне наркарэклямы яна загарэлася пасьля таго, як прачытала ў інтэрнэце інфармацыю аб эстонскім бізнэсоўцы, які ў адзіночку ачысьціў усю краіну ад сьмецьця. Ідэйным натхняльнікам называе таксама аршанца Андрэя Корпса, які абвясьціў вайну наркаграфіці ў Воршы.
“Акцыя “Замест тысячы слоў” заключаецца ў тым, што мы ліквідуем рэкляму наркакрамаў. Бо вельмі шмат надпісаў! Гэты брудны бізнэс не стаіць на месцы – ён разьвіваецца, а графіці на сьценах робяцца ўсё больш “хітрымі” і менш прыкметнымі”, – расказала Натальля Шарыпа.
Актывістка заклікала ўсіх неабыякавых віцяблянаў далучацца да іх працы.
“Я маці, я бабуля, а гэты артыкул 328 – ён проста дзікунскі, я лічу. Бо калі саджаюць на 14 гадоў у турму 14-гадовых дзяцей – гэта жах! І калі змагацца з наркотыкамі такімі жахлівымі тэрмінамі – ніякага толку ня будзе. Прычым ні гандляроў, ні ўладальнікаў інтэрнэт-крамаў гэтае змаганьне не закранае, а толькі студэнтаў і падлеткаў”, – кажа адна з удзельніц акцыі віцебская актывістка Тацяна Севярынец.
Паводле Тацяны, апэрацыя “Замест тысячы слоў!” – гэта змаганьне за чалавечыя лёсы і жыцьці.
Гараджане рэагавалі на тое, што адбываецца, па-рознаму. Адзін з жыхароў абураўся, што на дзьверы пад'ездаў лепяць улёткі, пагражаў нават выклікаць міліцыю. Іншыя, наадварот, выказвалі падзяку ўдзельнікам акцыі за тое, што робяць “вельмі патрэбную справу”.
Удзельнікі stop#328 кажуць, што гэтая акцыя не аднаразовая. Актывісты маюць намер выходзіць з фарбай і пэндзлямі на вуліцы гораду аж пакуль ён цалкам ня будзе вычышчаны ад накрарэклямы.
Паводле Натальлі Шарыпы, 24 сакавіка ўдзельнікі “апэрацыі” абясшкодзілі каля 50 наркаграфіці ў горадзе.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/3139-zamest-tysyachy-slou#sigProIdce854341da
Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара