Субота, 06 Красавік 2019

Удзельнікі руху stop#328 і настаўнікі СШ №24 пасадзілі 120 бяроз за “Каронай” у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(21 галасоў)
Падчас акцыі за "Каронай" Падчас акцыі за "Каронай"

Бацькі і сваякі асуджаных паводле “наркатычнага” артыкулу 328 разам з настаўнікамі і вучнямі віцебскай СШ №24 высадзілі за гіпэрмаркетам “Карона” ў Віцебску бярозавую алею.

“Сёньняшняя акцыя – гэта працяг ініцыятывы “Замест 1000 словаў”, мы прадаўжаем зьбіраць “мяшочак добрых справаў” для гораду і для людзей. І ведаеце, для мяне гэта вельмі кранальна, таму што разумею, што пасаджаныя дрэвы – гэта назаўжды…” – падзялілася ўражаньнямі віцебская актывістка “Руху маці 328” Натальля Шарыпа.

Натальля расказала, што віцебская школа №24 – пакуль што адзіная ў горадзе, кіраўніцтва якой падтрымала ініцыятыву stop#328 і зладзіла сустрэчу бацькоў асуджаных за абарот наркотыкаў з вучнямі. Дарэчы, адна з актыўных удзельніц “Руху маці 328” Вікторыя Пёрышкіна працуе ў гэтай школе.

Натальля Шарыпа і дырэктарка СШ №24 Сьвятлана Бурда (трымае дрэўца)

“Падчас лекцыі ў школе мы расказвалі, як гэта небясьпечна – згаджацца на працу, якую прапануюць наркаграфіці. Многія былі ў шоку, калі даведваліся, якія вялізныя тэрміны зьняволеньня можна атрымаць за гэта і колькі пакутаў прынесьці сабе і  бацькам. І адміністрацыя школы была вельмі ўдзячная нам, бо дзеці слухалі вельмі ўважліва”, – распавяла Натальля Шарыпа.

Паводле актывісткі, такая прафіляктычная праца была ўзгодненая на афіцыйным узроўні – з галоўным упраўленьнем адукацыі Віцебскага аблвыканкаму.

Цяпер бацькі з “Руху маці 328” і пэдагогі аб’ядналіся і ў справе азеляненьня гораду. У акцыі 6 красавіка бралі ўдзел дырэктарка СШ №24 Сьвятлана Бурда, завуч школы Аксана Леаненка, настаўнікі і старшаклясьнікі.

Сьвятлана Бурда расказала, што бярозкі для высадкі выкопвалі самі работнікі школы. Саджаць дрэвы запрасілі старшаклясьнікаў-добраахвотнікаў – усё рабілася без прымусу.

За тры дні пасадзілі 150 бяроз: 30 саджанцаў на вуліцах Зарэчных у пасёлку Тарным і 120 – за “Каронай”.

“Безумоўна, нашае супрацоўніцтва з “Маці-328” карыснае. Я ўпэўненая, што і дзеці, і іх бацькі вынесьлі добрую навуку з той лекцыі, якую маці зладзілі ў нашай школе. Мы вядзём пастаянную работу ў гэтым накірунку, таму што страшна, праблема гэта вялікая”, – кажа дырэктарка школы Сьвятлана Бурда.

Сьвятлана Бурда

Яна прызнаецца, што сама, разам зь іншымі работнікамі школы, хадзіла зафарбоўваць наркаграфіці ў Тарным. Пойдзе і ў наступную суботу.

“Цяпер “Маці-328” прапанавалі рабіць гэтую працу супольна. Але ведаеце, у Тарным зафарбоўваем, а яны адразу ж зноў зьяўляюцца. Паглядзіце, колькі слаёў фарбы пакладзена на прыпынку каля школы. Гэтыя графіцісты спэцыяльна на тым жа самым месцы наверх пішуць”, – расказвае дырэктарка.

Запэўнівае, што ў 24-й школе выпадкаў прыцягненьня да адказнасьці падлеткаў паводле арт.328 не было.

7 красавіка актывісты stop#328 ладзяць чарговую акцыю па зьнішчэньні наркаграфіці ў Віцебску – будуць зафарбоўваць надпісы на вул. Гагарына. Запрашаюць далучыцца да працы ўсіх неабыякавых віцяблян. Гэта ўжо трэцяя акцыя, якую пад дэвізам “Замест тысячы словаў” ладзяць актывісты “Руху маці 328” у Віцебску.

Раней, 24 і 31 сакавіка, яны “зачышчалі” ад наркарэклямы цэнтар гораду і раён ДСК.

Зьміцер Міраш, фота аўтара