Круглы стол “Удасканаленьне прафіляктычнай працы, накіраванай на супрацьдзеяньне незаконнаму абароту і спажываньню наркатычных рэчываў сярод дзяцей і моладзі” адбыўся 25 чэрвеня ў Віцебскім абласным інстытуце разьвіцьця адукацыі.
На жаль, кола гэтага круглага стала аказалася занадта вузкім. На сустрэчу дапусьцілі толькі тых, хто быў у сьпісе арганізатараў. Уваход на мерапрыемства незалежным журналістам папросту забаранілі. Дзяржаўных СМІ не было.
Актывісты руху “Маці 328” прыйшлі на сустрэчу з канкрэтнымі прапановамі, якія тычыліся найперш прафіляктычнай працы з бацькамі дзяцей і падлеткаў. Прапануюць больш шырока распаўсюджваць інфармацыю аб небясьпецы супрацоўніцтва непаўналетніх зь інтэрнэт-крамамі па продажы забароненых рэчываў. Задзейнічаць для гэтага сацыяльныя сеткі, жыроўкі, дамовіцца аб рассылцы СМС-паведамленьняў з мабільнымі апэратарамі і г.д.
“Так, дзяржава праводзіць нейкую працу, кажа, што наркотыкі – гэта зло. Але гэтага недастаткова. Трэба казаць бацькам пра тое, што іх дзіця можа на 10-15 гадоў трапіць за краты, нават не дакрануўшыся да наркотыка, а проста ўладкаваўшыся на працу ў адну з інтэрнэт-крамаў. Трэба казаць пра канкрэтныя рэчы, у тым ліку на бацькоўскіх сходах ва ўстановах адукацыі”, – лічыць Натальля Шарыпа.
Ужо пасьля круглага стала Натальля паведаміла па тэлефоне, што “для першага разу – усё прайшло нармальна”. Паводле яе, прысутныя на сустрэчы прадстаўнікі ўпраўленьняў адукацыі і аховы здароўя аблвыканкаму, міліцыі, пракуратуры і БРСМ уважліва выслухалі актывістаў і згадзіліся, што “ў гэтым напрамку трэба працаваць”.
Згадзіліся на прапанову інфармаваць бацькоў праз “жыроўкі” і СМС-рассылкі (даручана УУС). Папярэдне дамовіліся таксама стварыць прафіляктычны відэаролік.
“Запісалі яны гэтыя ўказаньні, зробяць ці ня зробяць – ня ведаю, але гаворка пра ўсё гэта вялася. Ніхто супраць ня быў, усе згодныя, што трэба больш шчыльна працаваць з бацькамі, і ўсе пакуль ідуць насустрач. Але паглядзім, што будзе далей”, – падзялілася ўражаньнямі ад сустрэчы Натальля Шарыпа.
Адзначым, што кіраўнік галоўнага ўпраўленьня па адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Дзмітрый Хома, які меўся выступіць на сустрэчы з прывітальным словам, на круглы стол так і не зьявіўся.
Зьміцер Міраш