Панядзелак, 26 Жнівень 2019

Актывісты пракладаюць дарожку да магілы ахвяраў сталінізму ў Хайсах – фотафакт

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Падчас працы на народным мэмарыяле Падчас працы на народным мэмарыяле

Сябры грамадзкай ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” працягваюць добраўпарадкаваць месца сталінскіх расстрэлаў пад вёскай Хайсы Віцебскага раёну. Да крыжоў, якія ўсталяваныя ў 2017 годзе на ўскрайку “расстрэльнага” лесу і да магілы ахвяр сталінскага тэрору актывісты пракладаюць дарожку.

 “Сёньня былі пастаўленыя бардзюры і падрыхтаваная пляцоўка для ўсталяваньня пліткі на сьцяжынцы да крыжоў і на магіле няшчасных ахвяраў бальшавіцкага тэрору 1937-1941 гадоў”, – паведаміў у фэйсбуку кіраўнік ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў.

Зазначыў, што ўсё больш сапраўдных беларускіх грамадзянаў ахвяруюць сваімі сіламі, часам і сродкамі, каб народны мэмарыял выглядаў годна.

Фота: "Хайсы - віцебскія Курапаты"

Фота: "Хайсы - віцебскія Курапаты"

Фота: "Хайсы - віцебскія Курапаты"

Нагадаем, мясцовыя ўлады адмаўляюцца прызнаваць, што ў лесе пад Хайсамі пахаваныя ахвяры сталінізму. Чалавечыя парэшткі, знойдзеныя на гэтым месцы 52-м пошукавым батальёнам, былі афіцыйна перапахаваныя каля станцыі Лужасна ў 2015-м і на могілках у Мазалаве ў 2018-м гадох як парэшткі “ахвяраў нацызму”.

Між іншым, кіраўнік ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў быў у сьнежні 2017 году аштрафаваны за “самавольнае пахаваньне” чалавечых парэшткаў, знойдзеных у лесе ўжо пасьля працы пошукавага батальёну. Магіла, за якую штрафавалі Дзяржаўцава, знаходзіцца каля трох вялікіх крыжоў, да якіх актывісты зараз і пракладаюць дарожку.

Народны мэмарыял у “віцебскіх Курапатах” складаецца з 34-х крыжоў, 27 зь іх стаяць на месцах раскопаў, 7 крыжоў – сымбалічныя. Крыжы ў 2017 годзе асьвяціў каталіцкі сьвятар Вячаслаў Барок.