Здымаць – дазволена!
«Здымаць дазволена» – менавіта так назвала свой канал на youtube.com жыхарка Віцебску Алена. Яна кажа, што вядомасьці, якую прынёс ёй канал, зусім не чакала, і да папулярнасьці не імкнулася:
«Я нарадзілася ў Віцебску, а вышэйшую адукацыю атрымала ў Расеі. Вучылася, а потым працавала ў Маскве – маю адукацыю юрыста, а таксама псыхоляга. Потым вырашыла вярнуцца на Радзіму. Як спажывец, я заўжды цікавілася спэцыфікай гандлю. Таму я шмат ведаю пра тое, як ён мусіць быць арганізаваны, якія ёсьць патрабаваньні і якія правы ў пакупніка. І таму, заходзячы ў краму з відэакамэрай, я пачуваюся ўпэўнена: я нічога не парушаю, і патрабую толькі таго, што зьяўляецца законным».
Алена гаворыць, што відэа- або фотаздымкі часам бываюць апошнім, але самым пераканаўчым сродкам, калі трэба давесьці наяўнасьць парушэньняў.
«Мяне падманулі ў „Эўраопце“, і з гэтага ўсё пачалося»
«Усё пачалося ў сьнежні 2015 году, калі ў „Эўраопце“ у мяне выпадкова ўключыўся тэлефон і атрымаўся фотаздымак цэтліка з коштам на хлеб. Потым я зьвярнула ўвагу, што на касавым чэку цана на яго іншая, дзесьці рублёў на 700-900 болей. Здавалася б, дробязь. Але за час працы крамы колькі пакупнікоў заплацяць на касе болей, чымся пазначана на цэтліку? Вось з такіх дробязей і складаецца рабаваньне пакупнікоў. Я пераканалася, што гэта – далёка ня рэдкасьць, калі пачала больш уважліва назіраць за адпаведнасьцю коштаў у віцебскіх крамах», – распавядае Алена.
Выпадковы фотаздымак на мабільны тэлефон падказаў: можна фіксаваць недахопы і на відэакамэру. І кантраляваць ня толькі адпаведнасьць коштаў, але і якасьць прапанаванай пакупнікам прадукцыі: тэрмін прыдатнасьці да ўжываньня, умовы захаваньня і гэтак далей.
«Я адмыслова не хаваюся, не здымаю цішком на „мабільнік“ – адкрыта дастаю відэакамеру»
«Цяпер на паход у краму ў мяне сыходзіць значна болей часу», прызнаецца Алена. Аднак яна ўпэўненая, што робіць вартую справу, фіксуючы на відэа парушэньні:
«Я адмыслова не хаваюся, не здымаю цішком на „мабільнік“ – адкрыта дастаю відэакамэру». Я ж нічога не парушаю, бо здымаю толькі цэньнікі, цэтлікі на таварах, лядоўні, дзе выкладзеныя прадукты... Людзей здымаць не імкнуся. Пакупнікоў не здымаю наогул, хіба што трапяць у аб’ектыў выпадкова. А гандлярак або прадстаўнікоў адміністрацыі, якія пачынаюць мне забараняць здымаць відэа, – гэтых здымаю знарок. Асабліва калі пачынаюць крычаць, што я на гэта ня маю права, і гнеўна тычуць у наклейку на дзьвярох з закрэсьленым чырвонай паласой фотаапаратам. Маўляў, у нас «здымаць забаронена».
Паводле Алены, працаўнікі віцебскіх крамаў найчасьцей апэлююць да трох аргумэнтаў: што ў памяшканьнях гандлёвых заляў схаваная «камэрцыйная таямніца», або фота- і відэаздымкі зьяўляюцца пасягальніцтвам на аўтарскае права – хаця ў відэароліках не дэманструюцца вітрыны або нешта яшчэ, створанае «аўтарамі». Часта гандляркі з гонарам прамаўляюць, што крама – гэта «прыватная ўласнасьць», і «гаспадар» здымаць не дазваляе. Такім аргумэнтам спрабуюць напалохаць нават у крамах дзяржаўных гандлёвых сетак, сьмяецца Алена:
«Усё гэта – лухта! „Мае аб’екты“ – гэта кошты і пазначэньне тэрмінаў прыдатнасьці, аргумэнты гандлярак тут ня дзейнічаюць. Ледзьве толькі насьпявае канфлікт, я адразу прашу паказаць або хаця б назваць нейкі нарматыўна-прававы акт, які забараняе мне весьці здымкі. Калі паказваюць наклейку на дзьвярох або прыносяць нейкі ўнутраны загад, я тлумачу: дзеяньне ўнутраных дакумэнтаў распаўсюджваецца толькі на работнікаў крамы, а я – звычайны пакупнік. І маю законнае права, гарантаванае мне артыкулам № 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
У артыкуле №34 гаворыцца: «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманьне, захаваньне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыцьцё, стан навакольнага асяродзьдзя».
Гэты сказ Алена вывучыла на памяць, і згадвае Асноўны закон краіны, ледзь толькі гандляркі ўсчынаюць вэрхал. Аднак пераканаць іх словам закону ўдаецца ня кожнага разу.
Як, напрыклад, у відэароліку «Несьмяротны сыр», дзе на абарону адрэзанага кавалка сыру зь яўна завышаным тэрмінам прыдатнасьці паўстаюць прадстаўнікі адміністрацыі крамы «Віцебскія прадукты № 41» , а ў адказ на просьбу Алены даць «Кнігу скаргаў і прапановаў» гучыць фраза «А зь якой-такой нагоды?»
«Да людзей з фотаапаратам ці відэакамэрай у краме ставяцца так, нібыта яны прыйшлі з аўтаматам Калашнікава»
«Да людзей з фотаапаратам ці відэакамэрай у краме ставяцца так, нібыта яны прыйшлі з аўтаматам Калашнікава», – гэтыя словы Алены трапілі ў відэаролік «Правілы крамы вышэйшыя за закон».
Падчас здымкаў гэтага роліка жанчыну зь відэакамэрай прынялі за... гандлярку крамы іншай гандлёвай сеткі, якая прыйшла ў «Віцебскія прадукты» зь нейкімі шпіёнскімі мэтамі. Часам Алену прымаюць і за «падсадную качку» – псэўдапакупніка, дасланага кантрольнымі арганізацыямі.
У відэароліку «Калі з камэрай у краме, значыць, гэта тэрарыст або рабаўнік», гандлярка пасылае спадарыню Алену «на Плошчу», убачыўшы нешта «апазыцыйнае» ў ейным нежаданьні падпарадкавацца ўнутранаму палажэньню пра забарону здымак.
А яшчэ ў гэтым роліку фігуруе таксама тыповы пэрсанаж – ахоўнік крамы, абураны тым, што ягонаму загаду не здымаць спадарыня не падпарадкоўваецца.
Даводзілася сутыкацца і зь міліцыяй. Як было, напрыклад, падчас здымак відэароліка ў краме «Суседзі», распавядае Алена:
«Работнікі крамы паставіліся дужа адмоўна да таго, што я здымала гнілыя памідоры і разглядала паліцу з таварамі па зьніжаных коштах – менавіта ў такіх месцах часта можна ўбачыць нешта пратэрмінаванае.
Касірка не хацела мяне разьлічваць. А мужчына ў міліцэйскай форме адмовіўся назваць сябе, паказаць жэтон ці пасьведчаньне міліцыянта, спрабаваў адабраць у мяне камэру, і наогул паводзіў сябе груба. У канцы роліка відаць, што мяне змусілі сесьці ў службовую машыну. Гэтая гісторыя мела працяг: я трапіла ў Першамайскі РАУС, мяне павезьлі туды для высьвятленьня асобы. Але там са мной абыходзіліся тактоўна, чаго ня скажаш пра паводзіны прапаршчыка Юрыя Каравы, які адбіраў відэакамэру ў краме і працягваў дэманстраваць сваё назадавальненьне ў машыне. Нават калі я спасылалася на Канстытуцыю, ён казаў, што яго пераканае толькі выданьне з подпісам Аляксандра Лукашэнкі! Я зьвярнулася са скаргай у адміністрацыю прэзыдэнта. Яе перанакіравалі ў Міністэрства ўнутраных справаў і ўрэшце „спусьцілі“ у Віцебскую абласную ўправу МУС. Аднак адтуль мне адказалі, што ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі групы затрыманьня Першамайскага аддзелу Дэпартамэнту аховы МУС Рэспублікі Беларусь парушэньняў ня выяўлена».
Відэаролік, дзе міліцыянт спрабуе адабраць відэакамэру, набраў на канале «Здымаць дазволена» больш за 6 тысяч праглядаў.
Аднак Алена адзначае, што варожае стаўленьне гандляроў замінае выконваць галоўную задачу, дзеля якой ствараўся канал, – выкрываць «памылкі» ў неадпаведных коштах і факты продажу пратэрмінаваных і недабраякасных прадуктаў. Надта шмат часу ў крамах сыходзіць на высьвятленьне адносінаў і вымушаных адказаў на пытаньні «Хто вам дазволіў здымаць?», «Навошта вы гэта робіце?», «Чаму знак забароны на дзьвярох вы ігнаруеце?» і гэтак далей.
Хаця бываюць і прыемныя выключэньні. Прыкладам, пасьля размовы з прадстаўніцай адміністрацыі крамы «Ганна», што ў мікрараёне Білева, паперку з закрэсьленым фотаапаратам тут жа зьдзерлі з уваходных дзьвярэй...
Здымаючы відэаролікі, Алена зрабіла наступную выснову:
«У параўнаньні з Расеяй, людзі ў Беларусі надта ветлівыя, надта стрыманыя, надта паслухмяныя, нават калі даводзіцца падпарадкоўвацца нейкай бязглузьдзіцы. У Маскве, дзе я жыла, звычайныя грамадзяне куды больш схільныя да адстойваньня сваіх правоў. А ў Віцебску людзі нерашучыя, баяцца „засьвяціцца“, выбіцца з натоўпу, са статку. Згодныя ўсё цярпець. Такое ўражаньне, што людзям усё адно – і калі ім прадаюць сапсаваныя харчы, і калі парушаюць іх правы. Я ж хачу паказаць, што адстойваць правы і змагацца за свае інтарэсы – гэта зусім нястрашна. Што гэта якраз-такі слушна! І няхай бы ў мяне зьявіліся аднадумцы – тыя, хто таксама прыйдзе ў краму зь відэакамэрай і намерам фіксаваць парушэньні. Гэта вельмі проста: здымкі кожнага роліка займаюць з паўгадзіны, потым – мінімальны мантаж. Я не прэтэндую на мастацкасьць у здымках, мне важней паказаць жыцьцё, як яно ёсьць».
Паводле камэнтароў, якія пакідаюць карыстальнікі сацыяльных сетак, у відэаролікаў Алены шмат як прыхільнікаў, так і апанэнтаў. Апошнія не абмяжоўваюць сябе ў лаянкавых выразах, зь якіх «вар’ятка» – самы мяккі. А тыя, хто лічыць выкрывальніцкую дзейнасьць у інтэрнэце карыснай, адгукаюцца вельмі станоўча. Што дзіўна: асабліва шмат прыхільных водгукаў не ад беларусаў, а ад расейскіх гледачоў. Яны пішуць, што думалі пра Беларусь, нібыта яна «такая, як у тэлевізары». Але цяпер убачылі, што й тут парушаюцца правы спажыўцоў, і шмат беззаконьня з боку сілавых структураў.
Так ці інакш, але канал «Здымаць дазволена» стаў вядомы ў горадзе. А можа, і займеў пэўны ўплыў.
Прынамсі, у некаторых крамах Алену ўжо пазнаюць – маўляў, ведаем, глядзелі...