Серада, 11 Снежань 2019

Актывістка ініцыятывы «Справядлівы прысуд»: Спадзяёмся, да галадовак ня дойдзе

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Тамара Голубева Тамара Голубева

«Некаторыя людзі ў пагонах абарзелі і павінны быць выключаныя з грамадзтва», – заявіў Лукашэнка ў жніўні 2019 году. Празь месяц пасьля выступу шэраг грамадзянаў заявілі аб стварэньні новай ініцыятывы – «Справядлівы прысуд». Якія мэты яна перасьледуе і як мяркуе іх дасягнуць? Паразмаўлялі з адной з заснавальніц грамадзянскай ініцыятывы Тамарай Голубевай.

Амаль 5 гадоў Тамара Голубева з Талачына дамагаецца праўды – хоча даказаць, што яе мужа Дзьмітрыя Голубева, прыгаворанага да пажыцьцёвага зьняволеньня за наўмыснае забойства, асудзілі несправядліва. Жанчына прайшла праз усе пякельныя колы, дайшла да Вярхоўнага суду, але ў адказ атрымала толькі стосы адпісак з розных інстанцый. Тамара Голубева ўпэўненая, што муж невінаваты ў наўмысным забойстве, што яго проста «прызначылі» вінаватым і ён не заслужыў такога жорсткага пакараньня.

Людзі, якія не баяцца і гатовыя даказаць невінаватасьць асуджаных сваякоў і заклалі падмурак ініцыятывы «Справядлівы прысуд».

«Гэтае балота настолькі цінай зарасло, што яго проста неабходна ўскалыхнуць. Бо ў мяне проста ў галаве не ўкладваецца, як афіцэры ў пагонах ператвараюцца ў катаў…» – кажа Тамара Голубева. Яна расказала, якія мэты ставяць перад сабой сябры ініцыятывы і якімі мэтадамі зьбіраюцца іх дасягнуць.

«Татальны недавер да правасудзьдзя»

– Ведаеце, у нашым грамадзтве пануе вялікі недавер да сыстэмы правасудзьдзя. Паводле аптыньня, праведзенага на сайце Вярхоўнага суду ў 2016 годзе, недавер выказалі аж 96,08% удзельнікаў! Уяўляеце сабе? Рана ці позна такая ініцыятыва, як «Справядлівы прысуд», мусіла ўзьнікнуць.  

На сёньня ў ініцыятыўнай групе – больш за 200 чалавек, 46 зь іх – гэта якраз сваякі несправядліва асуджаных. Сярод іх – Ганна Ільіна, Марыя Кац, Валянціна Дамарацкая ды іншыя. Ёсьць і мужчыны. Хтосьці змагаецца за маму, хтосьці – за брата. Наша зямлячка з Дуброўна, напрыклад, змагаецца за сваю сьвякроўку. Зь Віцебскай вобласьці пакуль толькі некалькі чалавек далучыліся да ініцыятывы. Яшчэ – Дар’я Літвінава зь Мёраў, якая дамагаецца справядлівасьці для свайго брата – былога супрацоўніка раённага АБЭЗ, абвінавачанага ў атрыманьні хабару.

Тры асноўныя кірункі

Ці можна сказаць, што большасьць удзельнікаў ініцыятывы – гэта сваякі тых, каго асудзілі паводле карупцыйных артыкулаў?

– Так, маеце рацыю. Такіх большая частка. У адрозьненьні ад «Маці-328», у нас шырэйшы дыяпазон. Зараз працуем над прапановамі аб унясеньні зьменаў у цэлы шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а таксама зьменаў ў Закон аб амністыі і Палажэньне аб памілаваньні. Гэта тры ключавыя накірункі. Магчыма, з часам іх будзе больш.

Тамара Голубева - адна з заснавальніц ініцыятывы «Справядлівы прысуд»

Але самае сьвятое – гэта дамагчыся перагляду прысудаў і паўторнага, калі спатрэбіцца, расьсьледаваньня канкрэтных справаў. Таму што парушэньні відавочныя! Прычым груба парушаліся і Крымінальна-працэсуальны кодэкс, і Крымінальны кодэкс, і Закон аб статусе судзьдзяў РБ і шэраг іншых.

Амністыя – актуальная тэма. Будзеце дамагацца, каб Закон ахопліваў тыя артыкулы КК, якія зараз пад яго не падпадаюць?

– Менавіта так. Бо такая катэгорыя асуджаных, як, напрыклад, па 139-м артыкуле (забойства), не падлягаюць ані амністыі, ані нават зьмякчэньню рэжыму ўтрыманьня. Мы лічым, што гэтым парушаюцца правы чалавека. Не падпадаюць пад амністыю і тыя ж «карупцыянэры», то бок асуджаныя за карупцыю. На «гвалтаўнікоў» таксама не распаўсюджваецца. Будзем дамагацца, як ужо сказала, зьменаў і ў палажэньне аб памілаваньні.

Што ня так з памілаваньнем

–  Якіх зьменаў будзеце дамагацца?

–  Усё пакуль на стадыі абмеркаваньня. У нас у дзяржаве, як вы ведаеце, дзейнічае спэцкамісія аб памілаваньні, куды ўваходзяць генпракурор і старшыня Вярхоўнага суду. Ёсьць меркаваньне, што было б добра, каб дзейнічала яшчэ адна, асобная, камісія. Хаця, на маю думку, дастаткова будзе перагледзець паўнамоцтвы членаў ужо існай. Магчыма, уключыць у яе склад дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці. А нават – і сваякоў, якія пацярпелі ад несправядлівых прысудаў. А чаму не? Было б аб’ектыўна.

Цяпер жа атрымліваецца, што, як і раней, прашэньні разглядаюць генпракурор, старшыня Вярхоўнага суду і кіраўнік СК, якiя у свой час ужо «не заўважылi» парушэньняў з боку сьледчых i судзьдзяў і дапусьцілі вынясеньне несправядлівых прысудаў. А як было ў справе майго мужа, дык яны нават не даклалі прэзыдэнту, парушыўшы тым самым палажэньне. Мусілі паведаміць, і адказ мусіў быць у выглядзе загаду прэзыдэнта. А нам далі адпіску, і на гэтым – усё...

Ці ведае пра гэта Лукашэнка?..

– Але ж як мяркуеце прабіць гэтую сьцяну? Зваротамі ў Адміністрацыю? Пратэстамі? Якімі мэтадамі думаеце дасягнуць вызначаных мэтаў?

– Ну, на пачатку аніяк не абысьці Адміністрацыю прэзыдэнта. Хочаш ня хочаш, але давядзецца дамагацца таго, каб цяпер ужо новы кіраўнік Ігар Сяргеенка нас прыняў і каб нас выслухаў. Але канчаткова – трэба дайсьці да прэзыдэнта. Каб ён пачуў і пабачыў гэтую праблему.

– Мяркуеце, што ён нічога ня ведае?

–  Ну калі яму не дакладала Качанава ці той жа Сукала, то… Напрыклад, я ўважліва адсочваю апошнія 5 гадоў даклады прэзыдэнту старшыні Вярхоўнага суду, і ня толькі яго – генпракурора, старшыні КДБ. Яны ўсё прыгожа і салодка гавораць у справаздачах. Апошні раз Сукала казаў, што колькасьць несправядлівых прысудаў зьведзеная да мінімуму. На пытаньне журналіста, ці былі такія за апошнія 5 гадоў, адказаў, маўляў, за 2015-16 гг. такіх зьвестак Вярхоўны суд ня мае.

А чаму ня мае? Адзін канкрэтны прыклад, гучны на ўсю краіну: у 2015-м прыгаварылі, у студзені 2016-га прысуд ужо набыў моц… Гэта справа майго мужа. Я напісала на імя старшыні Вярхоўнага суду зварот, запыталася, чаму нават у статыстыку не залічылі гэты зьверскі прысуд Голубеву? Але адказу так і не дачакалася.

«Я прыхільніца дыялёгу»

– Можа, у такіх выпадках дапамаглі б больш радыкальныя захады? Галадоўкі, напрыклад, як гэта рабілі Маці-328?..

– Ведаеце, пакуль што мы вельмі спадзяёмся, што нас пачуюць на цывілізаваным узроўні, на ўзроўні дыялёгу, і што да галадовак ня дойдзе. Спадзяёмся, што пачуюць і ў Адмiнiстрацыi прэзыдэнта, i сам кіраўнік краіны.

Ну а калі не пачуюць – тады ўжо будзем думаць, што рабіць далей. Уласна я не прыхільнік такіх непапулярных мэтадаў. Я, перадусім, прыхільніца перамоваў і дыялёгу.

– А ці плянуеце ладзіць якія акцыі падтрымкі для зьняволеных?

– Натуральна, што так. Плянуем перад Калядамі акцыю віншаваньня нашых «сядзельцаў» з Новым годам. Будзем ладзіць яе супольна зь беларускімі СМІ, зь якімі канкрэтна – пакуль не назаву.

Як стаць сябрам ініцыятывы

– Што рабіць людзям, якія ўпэўненыя, што іх блізкіх «засудзілі», і як далучыцца да ініцыятывы «Справядлівы прысуд»?

– Я б раіла такім людзям не баяцца і адразу біць у званы – зьвяртацца ў СМІ, што б там ні казалі сьледчыя і адвакаты.

А далучыцца да нашай ініцыятывы вельмі проста. Старонкі «Справядлівага прысуду» («Справедливый приговор») зьявіліся ўжо амаль ва ўсіх сацсетках – ВКонтакте, Фэйсбук, Аднакляснікі, Тэлеграм і г.д. Дадавайцеся і зьвязвайцеся з адміністратарамі нашых суполак. Дзяржсыстэма можа ігнараваць адзінкавыя галасы, але калі нас шмат – змоўчыць і праігнараваць не атрымаецца.

Дадамо: зьвязацца з каардынатарамі ініцыятывы «Справядлівы прысуд» па Віцебскай вобласьці можна і праз сайт “Віцебская Вясна”. Пішыце нам.  

Размаўляў Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.