Чацвер, 12 Снежань 2019

«У Віцебску будуць пратэсты!» Актывісты раяць уладам адмовіцца ад будаўніцтва Палацу шлюбаў

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Віцебскія актывісты на чале з Тацянай Севярынец запісаліся на прыём да старшыні Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў Уладзімера Бялевіча, каб абмеркаваць пытаньне меркаванага будаўніцтва Палацу шлюбаў. Але ўзьнялі і іншыя праблемы. Сустрэча адбылася ў Дзень правоў чалавека 10 сьнежня.

Размовы пра плянаванае будаўніцтве ў гістарычным цэнтры гораду так званага Палацу шлюбаў вядуцца ўжо ня першы год. Улады меркавалі збудаваць яго яшчэ сёлета. Мясцовыя актывісты неаднойчы зьвярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку ў сьледчы камітэт і пракуратуру, сьцьвярджаючы, што праект незаконны і будоўлю пачынаць нельга. Летась прайшло грамадзкае абмеркаваньне праекту, зьбіраліся подпісы супраць будаўніцтва.

Жарсьці вакол будаўніцтва Палацу шлюбаў разгарэліся з новай сілай пасьля таго, як на віцебскім тэлебачаньні паказалі сюжэт аб «Дажынках-2020». У рэпартажы гаварылася, што Палац шлюбаў плянуюць пабудаваць яшчэ да правядзеньня «Дажынак» у Віцебску.

Падчас сустрэчы ў гарсавеце актывісты зьвярнулі ўвагу старшыні Уладзімера Бялевіча на тое, што Савет дэпутатаў абавязаны прыслухоўвацца да меркаваньня гараджан, а ня сьлепа выконваць загады мясцовага выканаўчага органа. Казалі пра тое, што будаўніцтва аб'екту ў гістарычным цэнтры гораду ня мае аніякага сэнсу, больш за тое – яно ёсьць супрацьзаконнае. Узьвядзеньне будынку ў гэтым месцы зьнявечыць цэнтар гораду і створыць дадатковыя праблемы для віцяблян.

«Навошта лезеце туды, куды лезьці ня трэба?» – спытаў старшыню гарсавету віцебскі актывіст Генадзь Муратаў.

«У горадзе будуць пратэсты, калі вы не адмовіцеся ад сваёй ідэі», – папярэдзіў іншы ўдзельнік дыскусіі.

У адказ старшыня Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў паведаміў, што інфармацыя, якая была разьмешчаная ў сюжэце абласнога ТБ, не адпавядае рэчаіснасьці. Адкуль дзяржаўныя журналісты ўзялі такую інфармацыю, ён ня ведае. Ніякага будаўніцтва палацу ў бліжэйшых плянах няма, запэўніў Уладзімер Бялевіч.

Апроч таго, Бялевіч паабяцаў, што, калі ў інвэстыцыйны плян уключаць фінансаваньне праекту пабудовы Палацу шлюбаў і гэта будзе выносіцца на галасаваньне, то ён будзе галасаваць супраць, бо лічыць «гэтую ініцыятыву заўчаснай».

На прыёме ўздымаліся таксама пытаньні фальсыфікацый на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах, гаварылася пра праблемы гарадзкіх паліклінікаў і шпіталяў, у прыватнасьці – пра недахоп абсталяваньня і спэцыялістаў, пра падвышэньне кошту за праезд у грамадзкім транспарце ды пра іншае.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.