Частка ўдзельнікаў напрыканцы імпрэзы прагаласавала за тое, каб такое абмеркаваньне лічылася неадбытым.
Справаздачу аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе меркаванага будаўніцтва прэзэнтавалі намесьніца дырэктара па тэхнічнай палітыцы Упраўленьня капітальнага будаўніцтва (УКБ) г. Віцебску Тацяна Хахлова (як прадстаўніца заказчыка) і аўтар праекту галоўны архітэктар прадпрыемства “Інстытут Віцебскграмадзянпраект” Аляксандар Зафатаеў. У якасьці мадэратара выступіў намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын.
Тацяна Хахлова і Віктар Глушын
Пра памылковае датаваньне. Вінаваты Мінкульт?..
Адзначым, што праект, прэзэнтаваны Аляксандрам Зафатаевым, быў тым самым праектам, які створаны яшчэ ў 2010 годзе. Новы эскіз будынку Палацу ўрачыстых абрадаў, які нядаўна трапіў у СМІ, нават не абмяркоўваўся.
Паводле заказчыка, гаворка пакуль што ідзе толькі пра перадпраектную дакумэнтацыю. Маўляў, архітэктурны праект Палацу шлюбаў, хоць і трапіў у Генплян гораду ў 2016 годзе, на дадзены момант патрабуе карэктыроўкі (мінімізацыя аб’ёму, коштаў, зьмены ў архітэктурным рашэньні). Гэта патрабаваньне Міністэрства культуры.
Прэзэнтаваў праект архітэктар інстытуту "Віцебскграмадзянпраект" Аляксандар Зафатаеў
Як запэўніла Тацяна Хахлова, апошні дазвол быў выдадзены міністэрствам 19 кастрычніка 2018 году.
“Ёсьць яшчэ ліст зь міністэрству ад 30 кастрычніка, у якім прапануецца стылізаваць Палац пад аблічча дзяржбанку, але мы ня хочам абмяркоўваць гэта загадзя”, – паведаміла прадстаўніца УКБ.
Што праўда, напрыканцы сустрэчы чыноўніца прасіла дараваць ёй ужываньне тэрміну “стылізацыя”. У лісьце Мінкульту было даслоўна так: “наблізіць да гістарычнага рашэньня”.
Дарэчы, як сьцьвярджае Хахлова, менавіта ў гэтым лісьце Міністэрства культуры ўпершыню зьявілася памылковае датаваньне (XVIII-XIX ст.) будаўніцтва дзяржбанку ў Віцебску (насамрэч пабудаваны ў 1902 г.).
“Мы проста добрасумленна перанесьлі гэтую інфармацыю. Мы ж ня можам усё ведаць! У нас няма штатных супрацоўнікаў, каб пераправерыць інфармацыю”, – апраўдвалася прадстаўніца заказчыка.
“Стылізацыя” і “новы аб’ект”. Аднаўленьня ня будзе
“Паверце, усе стараюцца каб задаволеныя засталіся і жыхары гораду, і міністэрства, каб знайсьці нейкае кампраміснае рашэньне… Мы ж ня кажам аб аднаўленьні чаго-небудзь. Мы ўсё адно кажам пра новае будаўніцтва. То бок, па ідэі, гэта павінен быць новы будынак”, – падкрэсьліла Хахлова.
Падчас сходу прадстаўнікі заказчыка неаднойчы казалі пра тое, што “набліжаны” да гістарычнага выгляду дзяржбанку будынак Палацу шлюбаў ня будзе стаяць на гістарычным падмурку. Гістарычны фундамэнт дзяржбанку, паводле словаў Тацяны Хахловай, знаходзіцца “якраз на тэрыторыі драўлянай царквы” (храм Аляксандра Неўскага).
Кажучы пра ахоўную зону Ніжняга замку, Хахлова спасылалася на дасьледаваньні навукоўцаў Тацяны Бубенькі і Вольгі Ляўко (праводзіліся падчас геалягічных пошукаў).
“Паводле геалёгіі, там сёньня да 13 мэтраў насыпнога грунту. У культурным жа грунце, акрамя драўляных пасяленьняў, нічога не было знойдзена. Гэта лішні раз пацьвярджае, што сьцяна Ніжняга замку была пракладзеная бліжэй да сучаснай вуліцы Замкавай. Дык падумайце, ці рэальна праводзіць раскопкі на такіх глыбінях?..” – разважала чыноўніца.
У сваю чаргу, архітэктар Зафатаеў сьцьвердзіў, што ўсе патрабаваньні будуць выконвацца: археалягічныя мерапрыемствы будуць праводзіцца, а ў тым выпадку, калі раскопкі будуць прызнаныя немэтазгоднымі, будзе ажыцьцяўляцца археалягічнае назіраньне.
На жаль, больш цямныя адказы наконт раскопак грамадзяне не атрымалі, бо навуковы кіраўнік праекту віцебскі архітэктар Яўген Калбовіч на сходзе адсутнічаў.
“Мы тут проста губляем час”
Як аказалася, не было падчас абмеркаваньня і ўласна аўтара справаздачы аб АЎНА. Як паведамілі арганізатары, супрацоўніца прадпрыемства “Віцебскрамадзянпраект”, якая працавала над справаздачай, знаходзіцца на бюлетэні.
З гэтай прычыны віцяблянка Алена Сьцяпанава наогул прапанавала лічыць гэты сход несапраўдным: “Мы ўсе тут проста губляем час!” Бо да аўтара справаздачы, паводле Сьцяпанавай, было вельмі шмат пытаньняў.
Адно зь іх: чаму ў справаздачы аўтар апэлюе да Закону “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь”, калі ён на сёньня ўжо страціў сілу – у сувязі з прыняцьцем “Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры”?..
Выступае Алена Сьцяпанава
Выступоўца казала таксама, што новы, адкарэктаваны, праект патрабуе яшчэ аднаго грамадзкага абмеркаваньня. І грамадзтва ў любым выпадку будзе яго дамагацца. Заклікала прысутных пісьмова зьвяртацца ў пракуратуру ды іншыя органы.
“Гэты праект паставіць крыж на пэрспэктывах”
Падчас абмеркаваньня справаздачы з пытаньнямі і прапановамі выступілі больш за 10 жыхароў Віцебску. Ніводны зь іх праект не падтрымаў.
На думку сябра Саюзу архітэктараў Аляксандра Міхайлюкова, з пункту гледжаньня інфармацыі аб праекце, “пакуль што размытае практычна ўсё”.
“Вельмі шмат момантаў, у тым ліку і ў заканадаўстве, якія кажуць нам, што гэты аб’ект ня самы прыдатны ў гэтым месцы, ён можа паставіць крыж на пэрспэктывах. Усё, што робіцца пасьпехам, – посьпеху не прыносіць. Такія рэчы патрабуюць больш глыбокага пагружэньня. У горадзе хапае свабодных месцаў для гэтай збудовы. Не сьпяшацца прымаць кардынальнае рашэньне – самае разумнае сёньня”, – казаў Аляксандар Міхайлюкоў.
Аляксандар Міхайлюкоў прапанаваў не рабіць пасьпешных рашэньняў
“А пра тое, што там адсутнічае культурны слой, – гэта наогул сьмешна чуць…” –дадаў архітэктар.
Паводле віцяблянкі Тацяны Севярынец, у праекце новабуду настолькі шмат супярэчнасьцяў і недарэчнасьцяў, што ад яго, безумоўна, трэба адмовіцца. А замест будоўлі – прывесьці ў парадак тое, што ўжо ёсьць у горадзе.
Тацяна Севярынец патлумачыла на пальцах, чаму гэты праект, на яе думку, вельмі недарэчны
Амаль 7 мільёнаў за палац. “Азіяцкая тэндэнцыя”
“Апошнім часам у Беларусі зьявілася тэндэнцыя будаўніцтва палацаў. Гэта чыста азіяцкая тэндэнцыя, хоць мы жывем у цэнтры Эўропы! Успомніце хаця б будынак Вярхоўнага суду! А колькі будзе каштаваць гэты Палац шлюбаў? Ці рацыянальна гэта для нашага гораду, дзе ў занядбаным стане знаходзяцца сацыяльныя аб’екты. Вы былі ў інфэкцыйнай бальніцы?..” – пыталася яшчэ адна выступоўца Ірына Захарава.
Яна прапанавала замест будаўніцтва адрамантаваць пад Палац шлюбаў які-небудзь Дом культуры ў горадзе.
Паводле зьвестак, якія падчас сходу агучыла намесьніца дырэктара УКБ Тацяна Хахлова, прыблізны кошт Палацу шлюбаў складае 6 млн. 900 рублёў.
Віцебскі блогер Аляксей Андрэянаў зьвярнуў увагу на тое, што ў справаздачы, па сутнасьці, не разглядаецца альтэрнатыва будаўніцтва. Бо прапанаванае ў дакумэнтацыі альтэрнатыўнае рашэньне – пакінуць будынак на тым жа месцы, але павярнуць яго вакол восі – ніяк не цягне на альтэрнатыву.
Аляксей Андрэянаў
“Не спрабавалі праводзіць дасьледаваньні з мэтай пошуку вежаў замку? А я на свае вочы бачыў у дзяцінстве рэшткі драўляных забудоў. Вы спасылаецеся на дасьледаваньні 80-х гадоў. З тых часоў тут больш нічога не дасьледавалася. Горад не дае іх праводзіць. Чаму?” – пытаўся віцяблянін.
Прапанаваў на пачатку “знайсьці гэтыя вежы і гэтыя муры і толькі потым ужо думаць, што з гэтым рабіць”.
Яшчэ адзін выступоўца Раман Баярынцаў казаў пра тое, што пад цэнтральны ЗАГС можна задзейнічаць будынак па вуліцы Чайкоўскага, 3, а культурна-гістарычны комплекс “Залатое кальцо Віцебску – Дзьвіна”, дзе юныя мастакі ня маюць нават сонечнага сьвятла (будынак бяз вокнаў), перанесьці ў будынак на Чайкоўскага,14.
Лічыць абмеркаваньне няспраўджаным
Наогул, альтэрнатыўных прапановаў было агучана падчас сходу шмат. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын запэўніў, што ўсе яны будуць зафіксаваныя (падчас сходу вяліся відэаздымкі) і ўзятыя пад увагу.
Некаторыя выступы былі вельмі эмацыйныя
“Паводле вынікаў вось гэтага абмеркаваньня будзе створаная адпаведная справаздача і прынятае рашэньне. Толькі пасьля гэтага будзе зразумела, куды ісьці”, – патлумачыў.
Напрыканцы сходу прайшло галасаваньне наконт таго, ці адбылося абмеркаваньне. Частка самых актыўных удзельнікаў прагаласавала за тое, каб не лічыць абмеркаваньне спраўджаным.
Адзначым таксама, што большую частку актавай залі ў віцебскай Акадэміі сувязі, дзе праходзіў сход, складалі дзяржслужбоўцы, якіх, паводле выступоўцаў, прывезьлі на сход аўтобусам.
Ніводнага пытаньня арганізатарам прывезеныя людзі не задалі. Сход доўжыўся больш за дзьве гадзіны.
Зьміцер Міраш, фота аўтара