Пятніца, 28 Жнівень 2026

У Віцебску ліквідавалі рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне лютэран

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

26 жніўня ў Віцебскі абласным судзе было прынята рашэнне аб ліквідацыі Рэлігійнага аб’яднання Евангеліцка-Лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь. Суд разгледзеў заяву Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, які прасіў ліквідаваць аб’яднанне ў сувязі з тым, што яно не прайшло перарэгістрацыю. Усё вырашалася паводле пісьмовых дакументаў, бо афіцыйныя прадстаўнікі бакоў прасілі суд разгледзець справу ў іхную адсутнасць.

Адзін з парафіян, які прыйшоў на паседжанне, распавёў, што суддзя зачытала толькі заяву прадстаўніка дзяржаўных уладаў. Пра пісьмовыя пярэчанні, падпісаныя кіраўнікамі рэлігійнай структуры, сказала толькі тое, што яны на беларускай мове, і агучваць не стала.

Суд задаволіў заяву Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і прыняў рашэнне аб ліквідацыі.

“Рэлігійнае аб’яднанне было зарэгістравана 8 студзеня 2001 года і ніколі не ставіла перад сабой мэты схаваць сваю дзейнасць ад дзяржавы або ажыццяўляць яе па-за прававым полем. Аднак пасля прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2023 г. № 334-З «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый» патрабаванні да рэлігійных арганізацый істотна змяніліся.

Праблема ўзнікла не таму, што рэлігійная арганізацыя вырашыла адмовіцца ад прававога статусу, а ў выніку новых умоваў, якім яна і  абшчыны, што ўваходзяць у яе склад, павінны адпавядаць для захавання гэтага статусу.

Многія рэлігійныя абшчыны не змаглі забяспечыць неабходную колькасць заснавальнікаў, атрымаць памяшканне для юрыдычнага адраса, пераканаць грамадзян раскрыць перад уладамі  свае персанальныя звесткі пра рэлігійныя перакананні, ” – сказаў выконваючы абавязкі біскупа Евангеліцка-Лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь Канстанцін Мардзвінцаў.

Рашэнне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу. Прадстаўнікі арганізацыі хочуць атрымаць матывацыўную частку рашэння, каб вызначыць свае далейшыя дзеянні.

Анатоль Грачаны