Панядзелак, 04 Май 2020

Смолікаў патрабуе ад Інстытуту гісторыі НАН ініцыяваць прызнаньне народных мэмарыялаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сябры грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» працягваюць змагацца за стварэньне і прызнаньне ўжо існых мэмарыялаў на месцах пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсій. Гэтак, 20 красавіка сябра ініцыятывы Канстанцін Смолікаў даслаў скаргу на імя дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Вячаслава Даніловіча і загадчыка аддзелу найноўшай гісторыі Беларусі Сяргея Трацяка. Нядаўна атрымаў адказ.

У лісьце актывіст скардзіцца на невыкананьне супрацоўнікамі інстытуту сваіх службовых і прафэсійных абавязкаў.

Напісаць скаргу Канстанціна Смолікава падштурхнула ігнараваньне, скажэньне і фальсыфікацыя мясцовымі, раённымі і абласнымі ўладамі фактаў, зьвязаных са знойдзенымі ў ваколіцах Віцебску парэшткаў рэпрэсаваных. Неапазнаныя чалавечыя парэшткі незалежныя экспэрты і навуковы супрацоўнік інстытуту гісторыі Алег Іоў, які браў удзел у раскопках, ідэнтыфікуюць 30-мі гадамі мінулага стагодзьдзя.

Зь імі не пагаджаецца археоляг 52-га пошукавага батальёну Вадзім Тамілін, які адстойвае афіцыйную вэрсію. Ня ўзяўшы пад увагу сьведчаньні мясцовых жыхароў і артэфакты, знойдзеныя ў дасьледаваных магілах ля Хайсоў, улады Віцебскага раёну прыйшлі да высновы, што парэшткі належаць ахвярам вайны.

Гісторыкаў не дапускаюць да архіваў

Тэма рэпрэсій зьяўляецца для ўладаў табуяванай. У краіне нават няма адмысловай структуры, якая б займалася пошукам месцаў масавых пахаваньняў рэпрэсаваных. А раз няма структуры – значыцца не было і рэпрэсій.

«Прафэсійных гісторыкаў і нашчадкаў рэпрэсаваных не дапускаюць да архіваў са справамі сталінскіх расстрэлаў», – наракае ў скарзе Смолікаў.

Склалася патавая сытуацыя, пры якой грамадзтва пазбаўленае любых законных мэханізмаў у справе вяртаньня гістарычнай праўды і памяці пра пэрыяд сталінскіх рэпрэсій. Канстанцін Смолікаў лічыць, што ў гэтай сытуацыі ёсьць віна і «Інстытуту гісторыі НАН».

Ускосна гэта пацьвярджае і гісторык Ігар Кузьняцоў.

«Рабочая група па дасьледаваньні савецкіх рэпрэсіяў была ліквідаваная ў інстытуце ў 1996 годзе. З таго часу ні адзін супрацоўнік спэцыяльна гэтай тэмай не займаецца», – піша гісторык.

Дзеля выпраўленьня хібаў у вывучэньні пэрыяду сталінскіх рэпрэсій Канстанцін Смолікаў ад імя грамадзкасьці выказвае да кіраўніцтва інстытуту чатыры патрабаваньні. Ён жадае, каб інстытут актывізаваў сваю дзейнасьць у вывучэньні тэмы рэпрэсій, а таксама хадайнічаў перад мясцовымі ўладамі пра стварэньне і прызнаньне ўжо існых народных мэмарыялаў на месцах расстрэлаў і пахаваньняў палітычных ахвяраў сталінізму.

Адказ за подпісам вучонага сакратара «Інстытуту гісторыі НАН» А. Салаўянава прыйшоў праз дзесяць дзён.

У кампэтэнцыю не ўваходзіць...

«Згодна статуту Інстытут гісторыі НАН Беларусі ажыцьцяўляе навуковыя дасьледаваньні. Ініцыяваньне стварэньня ці прызнаньня мэмарыяльных комплексаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю інстытута», – гаворыцца ў атрыманым адказе.

«Зьмест дасланага ліста не задаволіў. Мы мусім яго абскардзіць у прэзыдыум АН Беларусі. Нас не задавальняе тое, што ні мясцовыя ўлады, ні інстытут гісторыі ня хочуць выступаць ініцыятарамі раскопак у месцах масавых пахаваньняў рэпрэсаваных. У інстытуце няма гісторыкаў, якія стала займаліся б тэмай рэпрэсій. Супрацоўнікі інстытуту не дасьледуюць тэму, цікавую грамадзтву, таму мы і выказалі незадаволенасьць іх працай. Калі ў грамадзтва няма вагароў уплыву, застаецца толькі скардзіцца на тое, што ў гэтым кірунку нічога афіцыйнымі гісторыкамі ня робіцца», – кажа Канстанцін Смолікаў.

Ён лічыць, што спасылка вучонага сакратара на тое, што шмат гісторыкаў ужо распрацоўвала гэтую тэму, выглядае дзіўным, тым больш што апошняя публікацыя датуецца 2002 годам! Адзінае, што робіцца на сёньняшні дзень, – гэта зборнік дакумэнтаў і матэрыялаў аб рэпрэсіях у савецкай Беларусі ў 1920-х – 1940-х гг. Але калі гэты зборнік выйдзе – невядома…

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.