У сваім пазове ўпраўленне юстыцыі ўказала, што моладзевае абʼяднанне «Звяз» парушае патрабаванне ч. 6 арт. 24 Закону «Аб грамадскіх абʼяднаннях» (1994г.). Нібыта ад 2018 году абʼяднанне не падавала ў орган рэгістрацыі штогадовую інфармацыю аб працягу сваёй дзейнасці, колькасці сябраў і спісаў выбарных органаў, не падавала таксама звесткі аб праведзеных імпрэзах.
14 траўня 2021 году МА «Звяз» было вынесенае пісьмовае папярэджанне пра неабходнасць выпраўлення парушэнняў, аднак патрабаванне не было выкананае. Гэта акалічнасць і была падставай для звароту ў Віцебскі абласны суд з пазовам аб ліквідацыі абʼяднання.
У судовым паседжанні прадстаўніца ўпраўлення юстыцыі пазоў падтрымала, прасіла суд заяўленыя патрабаванні задаволіць у поўным абʼёме.
Заслухаўшы тлумачэнні прадстаўніцы пазоўніка і даследаваўшы пісьмовыя доказы, суд прыняў рашэнне пазоў задаволіць. На падставе арт. 29 Закону «Аб грамадскіх аб’яднаннях» і кіруючыся арт. 300 і 306 ГПК, суд пастанавіў ліквідаваць аршанскае моладзевае абʼяднанне «Звяз», зарэгістраванае ўпраўленнем юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму.
Рашэнне Віцебскага абласнога суду можа быць абскарджанае ў Вярхоўным судзе РБ у 15-дзённы тэрмін.
С. Горкі