Цягам пяці апошніх гадоў грамадскае аб'яднанне Vitebsk4Me было лідэрам і наватарам культурнай прасторы Віцебску. Маючы невялікі колькасны склад, камандзе «Віцебск для мяне» ўдавалася ахопліваць розныя сферы дзейнасці на высокім прафесійным і крэатыўным узроўні. Пачынаючы ад красавіка 2016 году, сябры арганізацыі здолелі правесці больш за 100 паспяховых імпрэзаў у адукацыйнай, культурнай і сацыяльнай сферах.
Узгадаем толькі некалькі інавацыйных культурніцкіх праектаў, якія арганізацыя зладзіла ў Віцебску.
«Віцебск для мяне» запомніцца віцяблянам штогадовым фэстам паветраных змеяў «Свята Ветру», у якім можна было не толькі паўдзельнічаць у конкурсе на лепшага паветранага цмока, але і далучыцца да майстар-класу па ёзе, наведаць лекцыі «Наука вне себя».
Пры падтрымцы Віцебскага гарвыканкаму была арганізаваная платформа для супрацоўніцтва ўстаноў культуры і моладзевых ініцыятыў «Творчы чацвер». Гэтае супрацоўніцтва дапамагло арганізаваць сустрэчы для моладзі з работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі, арт-менеджарамі. Спецыялісты здолелі дапамагчы актывістам і ўсім ахвочым рэалізаваць свае ідэі ў межах Году культуры.
Пасля закрыцця арганізацыі ў культурнай сферы Віцебску замест творчасці можа запанаваць бюракратызм і чынавенскі фармалізм.
Лявон Яфрэменка