Аўторак, 11 Студзень 2022

Віцябляне просяць завесці справу на аблвыканкам: распаўсюджвае экстрэмісцкія матэрыялы

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Віцебскі аблвыканкам Віцебскі аблвыканкам

На рэсурсе «Зручны горад» з'явілася петыцыя з патрабаваннем прыцягнуць службовых асобаў Віцебскага аблвыканкаму да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія змяшчаюцца на афіцыйным сайце ведамства. Аўтары петыцыі налічылі на сайце 71 згадванне рэсурсаў, якія ўключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што пры дапамозе сайту Віцебскага аблвыканкаму службовымі асобамі прэс-цэнтру і прыёмнай аблвыканкаму чыняцца парушэнні абавязкаў, устаноўленых законам аб СМІ, а таксама – адміністрацыйнае правапарушэнне – распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, унесенай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», – гаворыцца ў петыцыі.

Да петыцыі прыкладзены скрыншот старонкі пошукавага запыту і скрыншот артыкулу з фотаздымкам, які змяшчае лагатып «экстрэмісцкага» выдання (у прыватнасці – рэсурсу TUT.BY).

Аўтары петыцыі звяртаюцца ў Міністэрства інфармацыі, УУС Віцебскага аблвыканкаму і ў пракуратуру Віцебскай вобласці з патрабаваннямі праверку пералічаных у звароце фактаў парушэння заканадаўства, выявіць службовых асобаў, якія дапусцілі парушэнні, і пакараць іх, а таксама – распачаць у дачыненні Віцебскага аблвыканкаму адміністрацыйны працэс паводле ч.2 арт. 19.11 («Распаўсюд інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай»).

Падпісаць петыцыю можна цягам яшчэ пяці дзён.

Янка Прас