Панядзелак, 14 Люты 2022

Скандал: тры сябры абласной выбарчай камісіі ўзялі ўдзел у агітацыі за змены ў Канстытуцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

11 лютага ў абласной газеце «Віцебскія весці» быў апублікаваны зварот сябраў Віцебскай абласной Каардынацыйнай рады грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. 19 кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных партый заклікалі жыхароў Віцебскай вобласці прыйсці на ўчасткі для галасавання і прагаласаваць «За» змены ў Канстытуцыі. Трое з іх – сябры Віцебскай выбарчай камісіі для правядзення «рэферэндуму».

Выбарчы кодэкс дазваляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам бесперашкодна агітаваць за прапанову правядзення рэферэндуму, за прыняцце рашэння, вынесенага на рэферэндум, а таксама супраць прапановы правядзення рэферэндуму, супраць прыняцця рашэння, вынесенага на рэферэндум. Сябрам камісіяў усіх узроўняў Выбарчым законам забаронены ўдзел у агітацыйных мерапрыемствах, у тым ліку ў СМІ.

Сярод падпісантаў звароту ёсць і Валяр'ян Мацкевіч, які зʼяўляецца старшынём Віцебскай абласной каардынацыйнай рады грамадскіх абʼяднанняў і палітычных партыяў і адначасова старшынём абласной арганізацыі грамадскага абʼяднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Таксама зварот падпісалі Таццяна Туманава, намеснік старшыні Віцебскай абласной каардынацыйнай рады грамадскіх абʼяднанняў і палітычных партый, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага абʼяднання «Беларускі фонд міру» і Сяргей Альсевіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага абʼяднання ветэранаў.

Мацкевіч, Туманава і Альсевіч з'яўляюцца сябрамі Віцебскай абласной камісіі для правядзення «рэферэндуму». 

Падпісаўшы дакумент, які агітуе грамадзян узяць удзел у рэферэндуме і прагаласаваць «За» прапанаваныя ўладамі змены ў тэксце Канстытуцыі, сябры выбарчых камісіяў Мацкевіч, Туманава і Альсевіч груба парушылі патрабаванне артыкулу 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Сваім учынкам яна паказалі сваю заангажаванасць у станоўчых, для рэжыму выніках «рэферэндуму», што можа паставіць пад сумнеў сапраўднасць вынікаў галасавання.

Паколькі сябрам камісіі забаронена весці агітацыю, парушальнікі заканадаўства Валяр'ян Мацкевіч, Таццяна Туманава і Сяргей Альсевіч павінны выйсці са складу Віцебскай абласной камісіі.

Калі яны гэтага не зробіць добраахвотна, то Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў мусіць звярнуцца ў прэзідыум Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў і Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, як органы, якія сфармавалі ТВК, з прапановай адклікаць Мацкевіча, Туманаву і Ольсевіч з камісіі і замяніць іх на іншых прадстаўнікоў, якія не будуць парушаць патрабаванні Выбарчага закону.

Сымон Круты