Як ужо паведамлялася раней, 28 красавіка група грамадзкіх актывістаў падчас чарговага наведваньня ляснога масіву паблізу вёскі Хайсы Віцебскага раёну ў адной з ямінаў натрапіла на складзеныя невядомымі ў адну кучу чалавечыя косткі, прыхаваныя яловым гальлём. Побач знаходзіліся часткі абутку, пашытага на савецкіх фабрыках і датаваных 1936-1937 гадамі.
Паводле сьведчаньняў старажылаў вёсак Хайсы і Дрыкольле, у лясным масіве падчас сталінскіх рэпрэсіяў расстрэльвалі беларускіх грамадзян. Занепакоеныя фактам вандалізму і свавольства з боку нявысьветленых асоб, вышэйпамянёныя спадары зьвярнуліся ў пракуратуру Віцебскай вобласьці.
У сваім звароце актывісты паведамляюць пра занепакоенасьць грамадзкасьці і той розгалас, што быў выкліканы з нагоды апублікаваных у СМІ матэрыялаў пра чарговую жахлівую знаходку.
Далей ў заяве гаворыцца: «…З мэтай поўнага, аб’ектыўнага і ўсебаковага дасьледаваньня прычын сьмерці, высьвятленьня маштабу расстрэлаў і колькасьці забітых грамадзян, устанаўленьня даты забойстваў людзей, а таксама асоб, якія маюць дачыненьне да масавых забойстваў, просім распачаць крымінальную справу і зрабіць дадатковыя неадкладныя сьледчыя мерапрыемствы».