Улады матывуюць сваю адмову тым, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае разьмяшчэньне на адной шыльдзе сучаснай і гістарычнай назвы, а таксама тым, што ў будынкаў розныя ўласьнікі, і зь імі цяжка ўзгадняць разьмяшчэньне гэтых шыльдаў. Але ж заканадаўства наўпрост і не забараняе іх разьмяшчэньне.
На думку грамадзкага актывіста Яраслава Берніковіча, уся справа ў тым, што гэтая ініцыятыва зыходзіла не ад уладаў, а ад грамадзкасьці. Такія выпадкі былі ў Глыбокім і раней. Напрыклад, калі грамадзкія актывісты ўсталявалі шыльду дзеячу БНР Дуж-Душэўскаму, улады назаўтра яе зьнялі. Але праз пару гадоў яны ўсталявалі яе самі на тым самым будынку.
Берніковіч: “Любую актыўнасьць, якую ініцыявалі ня ўлады, а гэта ішло ад грамадзтва, яны не ўспрымалі. Але рана ці позна гэта вярталася на сваю каляіну, і гэта рабілася ў горадзе. Я спадзяюся, што хутка зьявяцца і гістарычныя назвы вуліц на Глыбоччыне”.
Актывісты кажуць, што не зьбіраюцца абскарджваць рашэньне райвыканкаму ў вышэйшых інстанцыях, але будуць даступнымі сродкамі прапагандаваць гістарычныя назвы сярод насельніцтва гораду. І спадзяюцца, што празь некаторы час гэтае пытаньне можна будзе вырашыць.
Крыніца: Эўрарадыё