Аўторак, 28 Жнівень 2018

72-гадовая Антаніна Піванос правяла суткі ў псыхушцы: перашкаджала ЖЭУ “паляваць” на блох

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Антаніна Піванос Антаніна Піванос

Пэнсіянэрка і сябра БСДП (“Грамада”) Антаніна Піванос жыве на першым паверсе старой хрушчоўкі на вуліцы Чкалава ў Віцебску. Калі даведалася, што ў падвале дому будуць труціць блох, зьвярнулася з просьбай пратэставаць атрутнае рэчыва, бо пакутуе на алергію. Але супрацоўнікі ЖЭУ-19 праігнаравалі просьбу жанчыны, у выніку здарыўся канфлікт.

Як расказала “Віцебскай вясьне” Антаніна Піванос, яна ўжо 4 гады змагаецца за тое, каб ЖЭУ навяло парадак у двары дому, належным чынам адрамантавала падвал і пад’езды. Некалькі разоў пісала афіцыйныя скаргі пра занядбаны стан падвалу і пра тое, адкуль там бяруцца блохі.

Паводле слоў жанчыны, нядаўна блохі пакусалі галоўнага інжынэра і начальніка домаўпраўленьня. Менавіта пасьля гэтага ёй паведамілі, што ў панядзелак 27 жніўня ў падвале будзе праводзіцца апрацоўка атрутай.

“Я кажу ім: апрацоўвайце, але дайце мне пробу, каб я магла занесьці яе да алерголяга і ўпэўніцца, што для мяне гэта бясьпечна і што я не падвяргаю сваё жыцьцё небясьпецы. Бо пасьля мінулага “паляваньня на блох” на маёй назе зьявілася вялікая пляма, якую дагэтуль цалкам не залячыла”, – тлумачыць пэнсіянэрка.

Тым ня менш, ведаючы пра праблемы жыхаркі-алергіка, ЖЭУ выклікала ў вызначаны тэрмін санстанцыю для апрацоўкі падвалу.

“Я крычала: людзі, ратуйце! Ніводная блыха не выскачыла…”

Як расказала Антаніна Піванос, яна амаль што знайшла паразуменьне з супрацоўнікамі санстанцыі пасьля іх прыезду: яны пачалі раіцца па тэлефоне з начальствам. Жанчына пасьпела таксама пазваніць на “гарачую лінію” ЖРЭТ, дзе паабяцалі разабрацца.

Але з супрацоўнікамі домаўпраўленьня кампраміс знайсьці не ўдалося. Майстар з ЖЭУ, які прыехаў празь некаторы час, загадаў пачынаць нягледзячы ні на што.

Тады, у адчаі, пэнсіянэрка ўзяла ў рукі нож і стала на ўваходзе ў падвал.

Пасьля гэтага той жа самы майстар з ЖЭУ выклікаў міліцыю і “брыгаду зь “дзявяткі” (так у народзе называюць Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі).

Віцяблянка распавядае, што забіралі яе гвалтам чатыры санітары, ня далі нават пераапрануцца і зачыніць акно ў кватэры. “Хамы! Мяне за рукі, за ногі – і ў машыну. Калі цягнулі, я крычала: “Людзі, ратуйце, памажыце! Але ж ніводная блыха не выскачыла. Хаця да гэтага ўсе казалі, што “мы нікога ня пусьцім”, – гаворыць Антаніна Піванос.

Пра тое, што яе вязуць у псыхушку, пасьпела паведаміць па тэлефоне сяброўцы сваёй дачкі (зараз жыве ў Нямеччыне) і віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку. У лякарні тэлефон забралі.

“Сказалі, калі буду брыкацца, прывяжуць вяроўкамі да ложка”  

Антаніна Піванос патрапіла ў аддзяленьне №2 (першага псыхатычнага эпізоду). Гаворыць, што ў лякарні наадрэз адмовілася ад якога-кольвечы лячэньня, апроч валідолу. Згадзілася здаць мачу і зрабіць кардыяграму сэрца.

“Спачатку пачала абурацца, дык мне сказалі, што зробяць укол і адправяць у трэцюю палату, а там, калі буду брыкацца, прывяжуць вяроўкамі да ложка”, – успамінае жанчына. Прызнаецца, што перабываньне ў зачыненым аддзяленьні віцебскай “дзявяткі” для яе было вялікім шокам.

Але ўвечары ў палату прыйшоў дзяжурны лекар Алфёраў, выслухаў доўгую гісторыю змаганьня з ЖЭУ і нечакана паабяцаў зранку выпісаць. Пасьля ранішняга абходу 28 жніўня Антаніну Піванос сапраўды выпісалі.

“Каб не мая напорыстасьць ды не шматлікія званкі ў бальніцу дачкі і сяброў – можа б, і не выпусьцілі так хутка”, – мяркуе жанчына.

Які дыягназ ёй паставілі ў цэнтры псыхіятрыі, пэнсіянэрка ня ведае, бо гісторыі сваёй хваробы не пабачыла, а запытацца забылася. Ці труцілі блох у падвале пасьля таго, як яе гвалтам забралі ў вар’ятню, пакуль што таксама невядома.  

Зьміцер Міраш