Восеньню 2009 году Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў Віцебскі гарвыканкам з заяўкай на арганізацыю пікету ў гонар юбілею Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Меркавалася, што на пікеце прагучаць праваабарончыя выступы і заклікі да дзяржавы забясьпечыць магчымасьць кожнаму грамадзяніну рэалізоўваць свае грамадзянскія і палітычныя правы. Валер Місьнікаў браў на сябе абавязак забясьпечыць аказаньне мэдычнай дапамогі і чысьціню ў месцы правядзеньня мерапрыемства. Таксама ён гарантаваў, што пікет ня стане прычынай парушэньня грамадзкага парадку і бясьпекі і перашкодай для руху пешаходаў.
Віцебскія ўлады адхілілі заяву Валера Місьнікава, паколькі месца для пікету, прапанаванае заяўнікам, не ўваходзіла ў лік тых, у якіх дазволена правядзеньне масавых мерапрыемстваў рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”. Таксама Валер Місьнікаў не прадставіў дамоваў зь міліцэйскай, мэдычнай і камунальнай службамі, якія пацьвердзілі б, што ў сувязі з правядзеньнем пікету будуць забясьпечаныя грамадзкі парадак, мэдычная дапамога і прыборка тэрыторыі.
Валер Місьнікаў не пагадзіўся з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму і абскардзіў яго ў судзе. Праваабаронца прайшоў усе інстанцыі, пачынаючы ад раённага і заканчваючы Вярхоўным судом. Але яго скаргу не задаволілі. Рашэньні ўсіх судоў спасылаліся на патрабаваньні рашэньня № 881, якое нібыта грунтуецца на Законе “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 сьнежня 1997 году.
Вычарпаўшы ўнутраныя сродкі прававой абароны, Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правох чалавека са скаргай аб тым, што забаронай на правядзеньне пікету і публічнае выказваньне свайго меркаваньня Беларусь парушыла яго правы.
Разгледзеўшы довады скаржніка і пярэчаньні афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, на думку якіх зварот Валера Місьнікава зьяўляецца непрымальным, бо ён, апроч іншага, не падаў наглядную скаргу ў пракуратуру, Камітэт прыйшоў да высновы, што парушэньне правоў чалавека сапраўды мела месца. Згодна з рашэньнем КПЧ, беларускія ўлады парушылі права Валера Місьнікава распаўсюджваць інфармацыю і ідэі (у адпаведнасьці з пунктам 2 артыкулу 19 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох).
Паводле пункту 3 артыкулу 19 таго ж дакумэнту, дапускаюцца некаторыя абмежаваньні, якія павінны строга адпавядаць крытэрам неабходнасьці і сувымернасьці. На думку Камітэту, патрабаваньне віцебскіх мясцовых уладаў праводзіць пікеты толькі ў вызначаных месцах і заключаць дамовы зь некалькімі дзяржаўнымі ўстановамі названым крытэрам не адпавядае, хоць і грунтуецца на нацыянальным заканадаўстве.
Паводле рашэньня Камітэту ААН па правох чалавека, беларуская дзяржава абавязаная забясьпечыць Валеру Місьнікаву эфэктыўныя сродкі прававой абароны і выплаціць яму належную кампэнсацыю. Таксама дзеля папярэджаньня падобных парушэньняў у будучыні Беларусі прапанавана перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасьці рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 і Закон “Аб масавых мерапрыемствах” ад 30 сьнежня 1997 года.
Кацярына Загорская