Нагадаем, віцябчук Сяргей Рыжоў, заснавальнік незарэгістраванай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь», у 2010 годзе меў намер стаць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак сабраць неабходную колькасьць подпісаў у сваю падтрымку ён ня здолеў і быў вымушаны зьняць сваю кандыдатуру. У красавіку 2014 году ён быў абвінавачаны ў хуліганстве і гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару. Суд пакараў палітыка шасьцю з паловай гадамі зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі строгага рэжыму.
У сваім звароце ў КПЧ маці палітыка заяўляе, што крымінальная справа супраць яе сына нібыта сфальшаваная і зьяўляецца помстай уладаў за яго прынцыповую палітычную і грамадзянскую пазыцыю.
Тамара Рыжова просіць Камітэт па правох чалавека:
«1. ...Разгледзець зварот па сутнасьці ў тэрміновым парадку з прычыны рэальна існуючай пагрозы для жыцьця і здароўя палітычнага вязьня Сяргея Рыжова.
- Прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальніцай пункту 1 артыкулу 2, падпункту а) пункту 3 артыкулу 2, артыкулу 7, пункту 2 артыкулу 8, пункту 1 артыкулу 9, пункту 1 артыкулу 10, пункту 1 артыкулу 12, пункту 1 артыкулу 14, пункту 1 артыкулу 17, пункту 1 і пункту 2 артыкулу 19, пункту а), пункту b) і пункту с) артыкулу 25, артыкулу 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
- Прапанаваць Рэспубліцы Беларусь пакрыць супрацьпраўна асуджанаму Сяргею Рыжову судовыя выдаткі і рэальна прычыненую парушэньнем правоў и свабодаў чалавека шкоду у выглядзе грашовай кампэнсацыі».
С. Горкі