Аўторак, 17 Жнівень 2021

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу Таццяны Севярынец

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Напачатку жніўня 2021 году Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў пад нумарам 3991/2021 індывідуальную скаргу Таццяны Севярынец. Грамадзянская актывістка лічыць, што беларуская дзяржава парушыла яе правы: на свабоднае выказванне свайго меркавання і на ўдзел у мірным сходзе.

24 снежня 2019 году на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» грамадзянская актывістка Таццяна Севярынец разьмясціла тэкст, у якім заклікала віцяблян да ўдзелу ў мірным пратэсце «супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расеі».

Падчас суду Таццяна пацвердзіла, што заклікала грамадзянаў паўдзельнічаць 29 снежня ў мірным сходзе, каб выказаць сваё меркаванне наконт захавання незалежнасці Беларусі. 23 студзеня 2020 году суддзя суду Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка аштрафаваў Севярынец на 810 рублёў. 19 лютага суддзя Віцебскага абласнога суду Святлана Іванова, разгледзеўшы скаргу Севярынец на рашэнне суддзі Юрчанкі, пакінула яе без змены, а патрабаванні спыніць справу без задавальнення.

Такім чынам, не дамогшыся абароны сваіх грамадзянскіх правоў у беларускіх судах, Таццяна Севярынец звярнулася ў Камітэт па правах чалавека, які зарэгістраваў яе паведамленне ў межах дзейнай працэдуры.

Цяпер беларуская дзяржава мусіць даслаць у Камітэт пераканаўчыя аргументы з нагоды скаргі актывісткі.

Лявон Яфрэменка