Сутнасць скаргі журналістаў палягала ў тым, што Беларусь парушыла іх правы на свабоду выказвання думкі. Яна прыцягнула журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці і наклала на іх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі. Таццяна Смоткіна рабіла матэрыял пра тое, як дзеці з мастацкай школы распісвалі люкі ў Глыбокім і ўзяла каментар у глыбоцкай чыноўніцы. Ён быў размешчаны на сайце “Радыё Рацыя”. За гэта яе 28 ліпеня 2015 года суд Глыбоцкага раёна аштрафаваў на 4 500 000 беларускіх рублёў (каля 268 еўра) паводле артыкула 22.9 ч. 2. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Зміцер Лупач у жніўні 2017 года зняў відэаінтэрв'ю ў спадара П. і пазней апублікаваў гэта на сайце незалежнага тэлебачання belsat.eu. 6 кастрычніка 2017 г. Глыбоцкі суд аштрафаваў аўтара на 690 беларускіх рублёў (каля 300 еўра) па тым жа артыкуле 22.9 (2) КаАП.
14 сакавіка 2023 года Камітэт па правах чалавека разгледзеў іх скаргу па сутнасці. Дарэчы, гэта быў як падарунак для Таццяны, у якой дзень народзінаў гэтага чысла.
У Камітэце ААН адзначылі, што частка трэцяя артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах дазваляе абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку свабоды выказвання і распаўсюджваць інфармацыю і меркаванні толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бяспекі або грамадскага парадку, або здароўя, або маральнасці насельніцтва.
Любое абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў не павінна насіць празмерны характар, гэта значыць павінна быць найменш навязлівай сярод мер, якія могуць дасягнуць адпаведнай абарончай функцыі і прапарцыянальным інтарэсам, якія трэба абараняць. Камітэт па правах чалавека прапанаваў Беларусі прадэманстраваць, што абмежаванні правоў журналістаў у адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах былі неабходнымі і прапарцыянальнымі. На што атрымаў адказ ад уладаў Беларусі, што ўсе журналісты быццам бы парушылі ўнутрыбеларускі Закон аб СМІ і працавалі без акрэдытацыі.
Камітэт звярнуў увагу на тое, што ў дадзеным выпадку да аўтараў былі прымененыя адміністрацыйныя пакаранні - буйныя штрафы на падставе Закона аб СМІ, які цягне за сабой забарону ажыццяўляць журналісцкую дзейнасць у Беларусі з далейшай публікацыяй у замежных СМІ без акрэдытацыі ў якасці прадстаўніка замежных СМІ.
У гэтай сувязі Камітэт па правах чалавека звяртае ўвагу на артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі аб свабодзе меркаванняў і іх выказвання, дзе Камітэт прама сцвярджае, што агульная дзяржаўная сістэма рэгістрацыі або ліцэнзавання журналістаў несумяшчальныя з артыкулам 19 (3) Пакта.
Абмежаваныя схемы акрэдытацыі дапушчальныя толькі пры неабходнасці прадастаўлення журналістам прывілеяванага доступу да пэўных падзей.
Як зазначае Камітэт па правах чалавека, пакаранні ўладамі Беларусі журналістаў грунтаваліся на ўнутраным праве. Аднак ні дзяржава-ўдзельнік, ні нацыянальныя суды не прадставілі тлумачэнняў таго, чым такія абмежаванні былі апраўданыя ў адпаведнасці з умовамі неабходнасці і прапарцыянальнасці, як выкладзена ў артыкуле 19 (3) Пакта, і ці накладзеныя пакаранні (г.зн. адміністрацыйныя штрафы), нават калі грунтаваліся на законе, былі неабходныя і прапарцыянальныя ў адпаведнасці з любой з законных мэтаў, пералічаных у згаданым палажэнні. Таму ён робіць выснову, што правы аўтараў у адпаведнасці з артыкулам 19 (2) Пакта былі парушаныя.
Такім чынам, Беларусь абавязаная прыняць адпаведныя меры для кампенсацыі прызначаных журналістам штрафаў ды іншых судовых выдаткаў, панесеных аўтарамі ў сувязі з нацыянальным разбіральніцтвам. Дзяржава таксама абавязана прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў, якія могуць адбыцца. У сувязі з гэтым Камітэт адзначае, што меў справу з падобнымі зваротамі ў дачыненні да тых жа законаў і практык дзяржавы-ўдзельніцы, таму Беларусь павінна перагледзець сваю нарматыўную базу, у прыватнасці Закон аб сродках масавай інфармацыі, у адпаведнасці з яго абавязкам па артыкуле 2 з мэтай забеспячэння поўнага карыстання правамі, прадугледжанымі артыкулам 19 Пакта аб грамадскіх і палітычных правах.
Камітэт па правах чалавека спадзяецца атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб прынятых мерах.
Інга Сташэўская