Серада, 27 Лістапад 2013

Ізноў забаранілі канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. Цяпер - у Воршы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Вайцюшкевіч Зьміцер Вайцюшкевіч

Выступ знакамітага сьпевака ўваходзіў ў шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню нараджэньня Ўладзімера Караткевіча і мусіў адбыцца ў музэю пісьменьніка 27 лістапада. Адпаведна, і сьпевы, якія павінны былі выконвацца на канцэрце, плянаваліся пераважна на тэксты Ўладзімера Сямёнавіча. Але напярэдадні стала вядома, што канцэрту ня будзе.

Як паведамляе Аршанскі рэгіянальны партал, паводле слоў аднаго з арганізатараў мерапрыемства, забарона канцэрту - гэта ініцыятыва не мясцовых чыноўнікаў ад культуры, такі загад магло спусьціць толькі больш высокае кіраўніцтва. Тым больш, што надоечы, таксама за дзень да плянаванай даты, такі самы канцэрт быў забаронены на загад з аблвыканкаму ў Полацку. Тады аднаго з арганізатараў полацкага канцэрту нават паабяцалі звольніць з пасады.

У Воршы адбылося нешта падобнае. Першапачаткова ніякіх праблем з выступам Вайцюшкевіча не было, але нечакана за дзень да імпрэзы арганізатарам паведамілі пра немагчымасьць яе правядзеньня. Раней Зьміцер неаднаразова выступаў на розных пляцоўках гораду.

Замест канцэрту для людзей, якія прыйдуць на Вайцюшкевіча, работнікамі музэю тэрмінова падрыхтаваная іншая праграма з чытаньнем вершаў і праглядам фільму, прысьвечанага Караткевічу.

Нагадаем, што вясной 2011 году Зьміцер Вайцюшкевіч з шэрагам іншых папулярных беларускамоўных выканаўцаў патрапіў у так званы “чорны сьпіс”. Музыкаў з гэтага сьпісу забаранялася трансьляваць па тэлебачаньні і радыё, а таксама ствараліся перашкоды для іх канцэртнай дзейнасьці.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"