Цяжка пералічыць усе захады аршанскіх краязнаўцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці за прамінулыя 10 гадоў, каб змусіць Віцебскую епархію выконваць заканадаўства па ахове гістарычнай спадчыны. Былі выкарыстаныя ўсе магчымасьці – ад зваротаў у пракуратуру, раённы і абласны выканкамы і Міністэрства культуры да лістоў да архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя і патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла. Высьветлілася, што дзяржаўныя структуры ня маюць права спрыяць ратаваньню помніка архітэктуры, бо ў яго ёсьць уласьнік. Нягледзячы на тое, што на сьцяне гістарычнага будынка вісіць шыльда пра тое, што ён ахоўваецца дзяржавай.
Аршанскія краязнаўцы і проста неабыякавыя людзі спрабавалі знайсьці кантакт з гаспадарамі – прапаноўвалі ім дапамогу ў прыборцы, ахвяравалі грошы на адмысловы рахунак, які нібыта быў заведзены для акумуляваньня сродкаў на рэстаўрацыю. Мастак Мікола Купава, ураджэнец Воршы, абвясьціў дабрачынны продаж сваіх твораў – каб большую частку атрыманых грошай таксама пералічыць на гэты рахунак.
Ахвярадаўцаў было нямала, толькі ніхто ня ведае, куды пайшлі іхныя грошы. Затое замест самага простага даху ў двары кляштарнага будынка зьявіўся дыхтоўны драўляны дамок, збудаваны гаспадарамі дзеля незразумелых мэтаў.
Тады абураная аршанская грамадзкасьць, не паверыўшы ў чарговыя абяцаньні гаспадароў назьбіраць грошай, каб замовіць праект рэстаўрацыі і ўвасобіць яго ў жыцьцё, вырашылі стварыць уласны, грамадзкі фонд для аднаўленьня спадчыны. А таксама працягвалі пісаць звароты ў разнастайныя інстанцыі і патрабавалі выкананьня заканадаўства. Каб, не чакаючы рэстаўрацыі, якая вымагае значных фінансавых укладаньняў, гаспадары зрабілі хаця б дах над будынкам, які штогод разбураецца.
Апошнім крокам аршанскай грамадзкасьці стала ініцыяваньне «круглага стала» з удзелам прадстаўнікоў праваслаўнай царквы і сьвецкіх уладаў. А 28 ліпеня адбылося паседжаньне грамадзкай камісіі пры Міністэрстве культуры.
Там краязнаўцы прадэманстравалі цэлыя тамы ліставаньня з рознымі інстанцыямі. А навуковы кіраўнік праекту рэстаўрацыі гістарычнага будынка Мікалай Лук’янчык патлумачыў, што ўсе працы цяпер спыненыя. Бо дамова на рэстаўрацыю будынка зь Віцебскай праваслаўнай епархіяй была падпісаная яшчэ ў 2011 годзе, у ліпені 2012-га эскізны праект узгоднены зь Міністэрствам культуры і мясцовымі выканкамамі. Аднак замоўнік за яго не заплаціў.
Грамадзкая камісія пры Міністэрстве культуры вырашыла праверыць дакумэнты, на падставе якіх будынак быў перададзены царкве, і даручыць навуковаму кіраўніку праекту распрацаваць плян першапачатковых захадаў дзеля ўратаваньня помніка. І празь месяц правесьці новае паседжаньне з удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў і гаспадароў.
Відаць, каб было пра што казаць, гаспадары ўрэшце пачалі рабіць часовы дах. Будаўнікі з прыватнага прадпрыемства «ГрадПром-Масьцер» кажуць, што дах плянуецца накрыць мэталяпрофілем да 23 жніўня.