Панядзелак, 17 Кастрычнік 2016

Перамога грамадзкасьці ці часовае замірэньне? Чыноўнік паабяцаў прыпыніць будаўніцтва Сафіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Недзе сто жыхароў Віцебску прыйшлі на сустрэчу з прадстаўнікамі гарвыканкаму, прызначаную на 13 кастрычніка. Сустрэча адбылася ля пляцоўкі ў парку Партызанскай славы, агароджанай дзеля будаўніцтва Сафійскага сабору.

Грамадзяне, заклапочаныя захаваньнем знакавых аб’ектаў гораду, што ўдала ўпісаліся ў паркавую экасыстэму, меркавалі атрымаць ад чыноўнікаў уцямныя тлумачэньні наконт пастаўленых пытаньняў, але, на жаль, большасьць пытаньняў засталася без адказу.

Прадстаўнікі гарадзкіх уладаў вымушаныя былі сустрэцца з грамадзкасьцю, бо месьцічы, нязгодныя з будаўніцтвам Сафійскага сабору ў гістарычнай частцы Віцебску, накіравалі ў органы ўлады калектыўны зварот, пад якім падпісаліся 271 чалавек. А згодна з заканадаўствам, калі подпісаў больш за трыццаць, зварот мусіць разглядацца з выездам на месца.

Зь віцебскай грамадзкасьцю сустракаліся намесьнік галоўнага архітэктара гораду Леанід Багданаў, начальнік жыльлёва-камунальнага аддзелу гарвыканкаму Сяргей Саглаеў і спэцыяліст аддзелу па ідэалягічнай працы, моладзі і культуры Андрэй Бялецкі. Амаль гадзіну прыціснутыя  натоўпам да плоту будаўнічай пляцоўкі чыноўнікі намагаліся зразумець прычыны пратэставых настрояў. І ўрэшце запэўнілі, што будаўніцтва аб’екту будзе замарожанае, а грамадзкі пасыл, што гучаў падчас сустрэчы, будзе даведзены да кіраўніцтва гораду.

Першае, што ўражвае ва ўсёй гэтай справе – шчырыя памкненьні грамадзянаў. Месьцічы, пазбаўленыя магчымасьці рэальна нешта вырашаць у сваім горадзе, выкарыстоўваюць права на пратэст. І гэты пратэст лучыць ня толькі жыхароў вуліц Урыцкага ды Чэхава, што знаходзяцца побач з агароджанай пад будаўніцтва пляцоўкай, – ён яднае неабыякавы люд усяго Віцебску.

Дык што ж ва ўсёй гэтай гісторыі з пабудовай культавага аб’екту не задавальняе віцебчукоў?

Не задавальняе, што тэндэр на пабудову царквы не праводзіўся, а калі і праводзіўся, то –  не публічна. Дзіўным падаецца і тое, што права на будаўніцтва атрымала фірма «Будгандальсэрвіс», якая мае недабудаваныя аб’екты і не зусім добрую рэпутацыю.

Не задавальняе і тое, што платай за добраўпарадкаваньне парку будуць сьсечаныя дрэвы і зьнішчэньне ўнутрыгарадзкой экасыстэмы, што склалася.

Не задавальняе таксама, што храм мяркуюць будаваць у раёне, і так перанасычаным культавымі аб’ектамі праваслаўнай царквы, пры тым што ў цэлым шэрагу новых гарадзкіх мікрараёнаў цэрквы адсутнічаюць наогул, і вернікі маюць патрэбу ў іх.

Віцябчук Алесь Ткачоў прапанаваў кампраміс, які, на ягоную думку, мог бы задаволіць усе бакі канфлікту: «Гарвыканкам прыпыняе дзеяньне рашэньня пра вылучэньне зямельнага ўчастку для пабудовы храму, а грамадзкасьць арганізуе збор сродкаў для карэкцыі праекту, каб перанесьці храм ў іншае месца. Улада прытрымліваецца прынцыпу захаваньня гарадзкога асяродзьдзя, якое склалася гістарычна, а Віцебская епархія (з улікам настрояў грамадзянаў) пагаджаецца на перанос храму». Прысутным на сустрэчы прапанова спадабалася, а вось ці задаволіць яна гарадзкое і царкоўнае кіраўніцтва, пакажа час.

Асаблівай эмацыйнай прасякнутасьцю з шэрагу іншых адзначаўся выступ былой супрацоўніцы Віцебскага мэдычнага інстытуту: “Гэта ж немарасьць нейкая! Бязладзьдзе! Ёсьць жа добрае месца – справа ад вуліцы Чэхава на беразе Дзьвіны, але там камяні, там трэба папрацаваць! А тут – усё гатовае! Узяў ды пабудаваў! Як можна парк высечы? Ніводнага дрэва вы ня высячэце! Я патэлефаную Косінцу, ён мой вучань! І паглядзім, хто выйграе! Так нельга паводзіцца царкве, якая мусіць быць духоўным аўтарытэтам!»

Ня здолелі чыноўнікі ўцямна патлумачыць ані тое, чаму для будаўніцтва было абранае менавіта гэтае месца, ані тое, хто яго канкрэтна абраў, ані тое, чаму перанос у іншае месца немагчымы. У адказ на іхную неабазнанасьць месьцічы зладзілі імправізаванае галасаваньне і практычна аднадушна прагаласавалі за іншае месца пад будаўніцтва Сафіі. 

Дзіўна было чуць з вуснаў аднаго з чыноўнікаў разгорнутае абгрунтаваньне таго, што пабудаваная ў горадзе царква будзе спрыяць узьвелічэньню Віцебскай епархіі. Але ж, калі царква насамрэч дбае пра пабудову нацыянальнай сьвятыні, ці маральна ў такім разе карыстацца  грашыма «Газпрому»? І ці пра тое ў гэткіх варунках мусяць дбаць прадстаўнікі гарадзкой вэртыкалі?

С. Горкі