Праект пад назвай «Віцебская харугва» быў прадстаўлены рэканструктарамі ў першай частцы лекцыі. Праект уяўляе сабой рэканструкцыю адзеньня шляхты, мяшчан і віцебскага апалчэньня сярэдзіны сямнаццатага стагодзьдзя.
Кіраўнік клюбу «Варгенторн» Сяргей Бабенка апрануўся, як ён выразіўся, у «троху парадны шляхоцкі строй, які можна датаваць 1640-м годам». Ён распавёў, што галоўныя рэчы строю шляхты – гэта шапка ды шабля. Бяз гэтых адметаў саслоўнай годнасьці нельга ўявіць сабе прадстаўніка тагачаснай шляхты. Шапка здымалася толькі ў царкве, а шабля не здымалася ніколі, хіба што ў ложку. Аксамітны жупан з ядвабным падбоем, ядвабныя шаравары на турэцкі ўзор, на венгерскі ўзор чаравікі, кашуля, пас, каліта, вырабленая на ўзор знойдзенай у Ніжнім замку, шабля гусарская ў похвах, скураныя пальчаткі на руках ды аксамітная шапка на футры з аздабленьнем робяць вобраз абсалютна цэласным і завершаным. Бальшыня рэчаў рэканструяваныя на ўзор археалягічных знаходак Віцебску і Віцебшчыны.
Заможны шляхціц за свой кошт апранаў дробную шляхту, якая складала вайсковую харугву. Асновай яе вопраткі была жупіца – скураная куртка. На галаве – місюрка (лёгкі шалом у форме сподачка зьверху) з прымацаванай да яе барміцай, сплеценай з мэталёвых кольцаў, якая надзейна абараняла шыю. Аснову ўзбраеньня складала шабля ды бярдыш, якіх у Віцебску падчас раскопак знойдзена шэсьць адзінак. Гэткая зброя прызначалася для пешага бою.
Ёсьць сьведчаньні таго, што некаторыя прадстаўнікі тагачаснага мяшчанства мелі дома багаты арсэнал і былі ўзброеныя ня горш за дробную шляхту. З той розьніцай, што мець дома зброю ім дазвалялася, а вось хадзіць зь ёй – не.
Тагачасны найміт меў агнястрэльную зброю, але, на жаль, у адрозьненьне ад іншых краін, у Беларусі забараняецца вырабляць макеты і муляжы агнястрэльнай зброі. Прэзэнтаваны слухачам курсаў найміт быў апрануты па эўрапейскай, гішпанскай модзе, у якасьці халоднай зброі меў гішпанскую рапіру і маленькі шчыцік – тарч, прызначаны для абароны і ў якасьці другаснай зброі.
Адказваючы на пытаньні прысутных, Сяргей Бабенка распавёў пра недакладнасьці сучаснай рэканструкцыі ў кінематографе, калі брэндавыя рэчы пазьнейшых часоў, якія сталі часткай сучасных уяўленьняў масавай сьвядомасьці, пераносяцца на ранейшыя гістарычныя пэрыяды. Гэта тычыцца і вядомага вобраза крылатага польскага гусара, і ўкраінскага казака ў блакітных шараварах. Прыхільнікам дакладных рэканструкцыяў і ўсім аматарам гістарычнага строю ён параіў чытаць кнігі Бялявінай і Ракавай «Мужчынскі касьцюм на Беларусі» ды «Жаночы касьцюм на Беларусі».
Прадэманстравалі ўдзельнікі клюбу «Варгенторн» і рэканструяваную палкавую харугву 1654 году памерам два на два з паловай мэтры, вырабленую «з тафты лазоравай і жоўтай».
Выступ рэканструктараў настолькі захапіў публіку, што тая доўга не адпускала іх, з-за чаго другая частка лекцыі пра ажно чатыры стагодзьдзі войнаў і вайсковых сутычак падалася крыху павярхоўнай.
Дзяніс Юрчак спыніўся на адметнасьцях тагачаснага жыцьця віцебскіх месьцічаў і патлумачыў, што войны ў Сярэднявеччы не адпавядалі нашым сучасным уяўленьням. Толькі з 19 стагодзьдзя, калі ідэалёгія нацыяналізму распаўсюдзілася ў Эўропе, войны набылі вядомы нам выгляд. Раней жа ваяры ваявалі не за свой народ, а за свайго гаспадара, і ў войнах шырокі ўдзел бралі найміты, якія ваявалі за грошы і якія ў выпадку несвоечасовай грашовай выплаты маглі павярнуць зброю супраць, таго, хто іх наняў. Дый стаўленьне да наймітаў было іншым. Так, Іван Жахлівы, захапіўшы Полацак, адпусьціў наймітаў, адарыўшы кожнага футрам.
Падчас войнаў і лякальных вайсковых канфліктаў тагачасная штодзённасьць віцебскага мяшчанства і шляхты складалася з вайсковых вылазак, выправаў, адбіцьця аблогаў...
Дзяніс Юрчак ды Анатоль Дулаў, па чарзе зьмяняючы адзін аднаго, распавялі пра ўдзел віцебчукаў у паходах Альгерда на Маскву, бітвах з крыжакамі, пра ўсобіцы 15 стагодзьдзя... Было адзначана, што Віцебск не адразу стаў памежным горадам, а доўгі час знаходзіўся ў другім эшалёне лініі абароны.
Спыніцца падрабязна на войнах з Масковіяй 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522, 1534-1537 гадоў, Лівонскай вайне 1558-1583 гадоў, вайне Рэчы Паспалітай і Расеі 1654-1667 гадоў, Паўночнай вайне 1700-1721 гадоў не дазволіў брак часу.
Лектары зрабілі націск не на спусташальных для нашых земляў войнах з маскавітамі, а на ўсобіцах ды здрадзе Міхала Глінскага. На мой погляд, было пададзена недастаткова канкрэтных прыкладаў і названа малавата канкрэтных гістарычных асобаў, якія маюць дачыненьне да Віцебску. Запомніліся мяшчанін Воўк, які ўзначаліў няўдалую абарону гораду ад казацкага самавольства ды расейскі капітан Салаўёў, які ў 1708 годзе спаліў Віцебск, але ад якога здолелі адкупіцца жыхары Задзьвіньня.
Як па мне, самае прыкрае ў апошняй лекцыі – бадай, не павярхоўны ахоп вялікага часавага пэрыяду, а тое, што ў пагоні за ўяўным імкненьнем да мітычнай гістарычнай аб'ектыўнасьці віцебскія гісторыкі абсалютна не падалі слухачам нацыянальны погляд на вялікі гістарычны адрэзак бясконцых войнаў з Масковіяй.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2187-na-gistarychnykh-kursakh-u-vitsebsku-gavaryli-pra-vojny-xiv-xviii-stagodzdzyau#sigProIdbe5db28296
С. Горкі